Перадсьмяротныя маскі ахвяр Сталіна

На вокладцы: Аляксей Рыгоравіч Жэлцікаў, сьлесар Маскоўскага мэтро, асуджаны на сьмерць 31 кастрычніка 1937 году, расстраляны на наступны дзень. Рэабілітаваны ў 1957 годзе. Фота з архіву Таварыства "Мэмарыял".

У Польшчы выйшаў альбом партрэтаў ахвяр «вялікага тэрору» ў СССР 1937–38 гадоў. Архіўныя фатаздымкі зробленыя фатографамі НКВД незадоўга да расстрэлаў.
Аўтар кнігі Томаш Кізны параўноўвае гэтыя партрэты з пасьмяротнымі маскамі, якія робяць, каб захаваць аблічча чалавека.

«Але розьніца ў тым, што гэтыя маскі былі зробленыя яшчэ пры жыцьці, часам за некалькі гадзін да сьмерці. Насуперак волі катаў, якія выракалі ахвяр ня толькі на сьмерць, але і на забыцьцё, цяпер гэтыя фатаграфіі аднаўляюць памяць пра асобных ахвяр тэрору», — зазначае аўтар.

Томаш Кізны падлічыў, што за 470 дзён «вялікага тэрору» ў СССР расстрэльвалі 1600 чалавек за суткі, альбо аднаго чалавека за хвіліну. Гэта доўжылася 15 месяцаў 12 сутак, і днём і ноччу. Тэрор агарнуў увесь СССР, за 1937–38 гады было арыштавана 1,7 мільёна чалавек, зь якіх 750 тысяч былі расстраляныя, яшчэ 350 тысяч памерлі ў лягерах, піша gazeta.pl .

Аўтар кнігі зазначае, што многія з магіл ахвяраў Сталіна цяпер ужо нельга знайсьці, яны заваленыя друзам і сьмецьцем. А ўлады Беларусі, да прыкладу, нічога ня робяць з брацкімі магіламі ў Курапатах, пра якія ня згадваецца ў школьных падручніках. Томаш Кізны дадае, што «Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, дзе дагэтуль выконваюцца сьмяротныя выракі: асуджаным страляюць у патыліцу, а целы не выдаюцца сем’ям, іх хаваюць у невядомым месцы». Дакладна так, як у 1937-м.

Журналіст і фатаграфік Томаш Кізны працаваў над гэтым альбомам некалькі гадоў. Ён перакананы, што больш, чым статыстыка, узрушаюць твары ахвяраў тэрору, іх партрэты, зробленыя катамі.

Электронную вэрсію альбому можна замовіць тут