Удава Міхася Чарняўскага: Ён на тым сьвеце шукае Расьціслава Лапіцкага

Your browser doesn’t support HTML5

«Калі нябесная Беларусь існуе — Чарняўскі там»

У офісе Партыі БНФ прэзэнтавалі перавыданьне кнігі гісторыка Міхася Чарняўскага «Ня бойцеся ахвяраў і пакут».
Каардынатар перавыданьня, мэнэджэр культурніцкіх праектаў Алесь Мазанік адзначыў, што наклад стаўся магчымым дзякуючы супольным намаганьням неабыякавых людзей, якія падтрымалі апошнюю волю Міхася Чарняўскага і ахвяравалі сродкі для перавыданьня яго кнігі.

«Міхась Чарняўскі заўсёды казаў, што яго кнігі, як стрэлы, — яны не павінны ляжаць бяз справы, яны павінны страляць. Няхай удалося выдаць кнігу накладам усяго 500 асобнікаў — я перакананы, што кожны асобнік прачытаюць дзясяткі людзей», — сказаў Алесь Мазанік.

Алесь Мазанік


Удава Міхася Чарняўскага Сьвятлана апавяла, што спадар Міхась да апошніх сваіх дзён меў безьліч творчых плянаў, да апошніх сваіх гадзінаў працаваў: «Ён зьнёс з сабой вельмі шмат задумаў. Ён пры жыцьці праз сваю мэтанакіраванасьць і актыўнасьць вельмі шмат пасьпеў. Толькі па археалёгіі ў яго выйшла больш за 2000 навуковых публікацый. Яго ідэяў хапіла б яшчэ на 100 гадоў жыцьця. Цяпер, калі ён на тым сьвеце, ён там шукае Расьціслава Лапіцкага — ім ёсьць пра што пагаварыць».

Сьвятлана Чарняўская


Пісьменьнік і гісторык Уладзімер Арлоў апавёў удзельнікам памятнай вечарыны, як шмат зрабіў Міхась Чарняўскі для яго і для цэлага пакаленьня гісторыкаў і пісьменьнікаў:

«Калі я гляджу на якога-небудзь чалавека, то задаю сабе пытаньне: „Ці пайшоў бы ён на паўстаньне Кастуся Каліноўскага?“ Дык вось Міхась Чарняўскі дакладна пайшоў бы. І загінуў бы ў першых шэрагах. Альбо на шыбеніцы. Іначай і быць ня можа — гэты чалавек, будучы яшчэ пяціклясьнікам у Мядзеле, раскідваў самаробныя ўлёткі „Прэч расейскіх акупантаў“, натхніўшыся Расьціславам Лапіцкім».

Уладзімер Арлоў


На завяршэньне вечарыны выступілі музыкі Аляксандар Памідораў, Зьміцер Бартосік ды Андрэй Мельнікаў.