Пераблытаў Беларусь з Украінаю: Пэрлы польскага сябра лукашэнкаўцаў

Лех Курапатвіньскі

Новы лідэр польскай партыі «Самаабарона» («Samoobrona»), якая здаўна сябруе з афіцыйным Менскам, зьбіраецца вазіць у Польшчу беларускія прадукты, а ў Беларусь — польскую моладзь.
26 лютага лідэр партыі Лех Курапатвіньскі (Lech Kuropatwiński) ды кіраўнік праўрадавага грамадзкага аб’яднаньня «Белая Русь» Анатоль Радзькоў падпісалі ў Менску пагадненьне аб супрацы. Пасьля падпісаньня дамовы лідэр «Самаабароны» даў інтэрвію тэлеканалу Белсат.

Калі людзі хочуць мець дыктатуру, то крытыкаваць іх нельга


Напружаньне паміж краінамі лідэр «Самаабароны» ўважае непатрэбным: «Мы не павінны крытыкаваць: ці тут ёсьць дыктатура, або няма. Бо гэта грамадзянін вырашае, каго хоча мець за кіраўніка».

У Беларусі няма дыктатуры, бо людзі на вуліцах ня просяць хлеба


«Не магу сказаць, што ў Беларусі існуе дыктатура, бо ня бачу людзей, якія стаяць на вуліцы і просяць хлеба. Дыктатура — гэта крыўджаньне людзей. Я не бачыў, каб паліцыя крыўдзіла людзей, каб партыя крыўдзіла людзей».
Калі былі б палітвязьні, не маўчалі б прафсаюзы

Паводле традыцыі з польскаю «Салідарнасцю», Курапатвіньскі мяркуе: «Калі б у Беларусі былі палітвязьні, сытуацыю крытыкавалі б прафсаюзы, а я гэтага не чуў».

Беларусы — праваслаўныя, палякі — ...хрысьціяне


«Беларусь — гэта праваслаўныя, Польшча — гэта ў большасьці хрысьціяне, так што давайце адзін аднаго паважаць. А я веру, што такая ўзаемапавага ў будучыні разьвяжа нашыя праблемы».

Думаем — «Беларусь», гаворым — «Украіна»


«Пачнем супрацоўнічаць у ключы продажу, куплі і абмену, бо гэта будзе служыць як разьвіцьцю Польшчы, гэтак і разьвіцьцю Украіны. Бо лепш бліжэй набыць сродкі і прадукты, чымся шукаць гэтага далей, можа ў разы даражэйшага. Таму мы схільныя размаўляць з прадстаўнікамі нашага бізнэсу, які хацеў бы інвэставаць у Беларусі, каб ён таксама хацеў і купляць у Беларусі прадукты, якіх у Польшчы няма або яны даражэйшыя, каб прадаць нашым грамадзянам таньней». Такім быў адказ на пытаньне, ці будзе «Самаабарона» спрыяць эканамічнай супрацы паміж дзьвюма краінамі.

http://www.youtube.com/embed/ch_wf5raUUg


Лех Курапатвіньскі нарадзіўся ў Горадні ў 1947 годзе. Скончыў вучэльню і працаваў у сельскагаспадарчым каапэратыве ў польскім Ковалі (Kowal) — мястэчку з насельніцтвам каля 3 тыс. чалавек. Пасьля працаваў у дзяржаўным агенцтве сельскагаспадарчай нерухомасьці (Agencja nieruchomości rolnych). Валодаў гаспадаркаю па перапрацоўцы мяса, за падробку фінансавых дакумэнтаў у якой яго пакаралі годам пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай і штрафам. З 1970 да 1989 быў сябрам камуністычнай партыі (Polska zjednoczona partia robotnicza). У 2001 годзе трапіў у Сэйм ад «Самаабароны», у 2005-м — яго пераабралі.

Курапатвіньскі зьбіраецца супрацоўнічаць з «Белаю Руссю» ў галіне палітыкі ды эканомікі. У абодвух выпадках гэта будзе найперш «абмен поглядамі». «Самаабарона» зьбіраецца заахвочваць палякаў «купляць беларускае» і арганізоўваць паездкі ў межах моладзевага абмену. «Белай Русі» найперш трэба партнэр, які будзе распаўсюджваць на Захадзе неабходную ўладам Беларусі інфармацыю ды аналітыку.