Прэзыдэнт Аўганістану патрабуе вываду амэрыканцаў зь дзьвюх правінцыяў

Хамід Карзай патрабуе вываду амэрыканцаў зь дзьвюх правінцыяў

Прэзыдэнт Аўганістану Хамід Карзай запатрабаваў вываду спэцпадразьдзяленьняў амэрыканскіх сілаў зь дзьвюх аўганскіх правінцыяў — Вардак і Лагар у двухтыднёвы тэрмін.
Даручэньне перададзенае чыноўнікам міністэрства абароны Аўганістану на нарадзе ў пытаньнях бясьпекі, якая адбылася ў нядзелю.

Як паведаміў прэсавы сакратар аўганскага прэзыдэнта Аймаль Фаізі, амэрыканскіх вайскоўцаў і мясцовых апалчэнцаў, якія іх падтрымліваюць, абвінавачваюць у стварэньні небясьпечнай і нестабільнай абстаноўкі ў названых рэгіёнах і ў перасьледах мясцовых жыхароў. Фаізі адзначыў, у прыватнасьці, зьнікненьне дзевяці чалавек пасьля адной з спэцапэрацыяў, праведзеных амэрыканцамі ў правінцыі Вардак супраць ісламскіх экстрэмістаў.

Аўганскіх апалчэнцаў там абвінавачваюць у датычнасьці да жорсткага забойства студэнта, цела якога было абезгалоўленае.

Вайсковае камандаваньне ЗША заявіла, што вывучае абвінавачваньне «з усёй сур’ёзнасьцю».