Па-польску ў Англіі гавораць паўмільёна чалавек

Самай распаўсюджанай мовай у Англіі і Ўэльсе, пасьля ангельскай і валійскай, апошнім часам стала польская.
Пра гэта сьведчаць дадзеныя брытанскага перапісу насельніцтва 2011 году. Паводле інфармацыі Нацыянальнай статыстычнай службы Вялікабрытаніі, па-польску ў Англіі і Ўэльсе размаўляюць прыблізна 550 тысяч чалавек.

Каля мільёну ўсходнеэўрапейцаў перабраліся ў Вялікабрытанію за папярэднія дзесяць гадоў, адзначаюць у ведамстве.

Акрамя польскай, у Злучаным Каралеўстве распаўсюджаныя таксама панджабі — адна з афіцыйных моў Індыі, а таксама урду, арабская, француская і кітайская.