Дырэктарка «Белсату» — эўрапейка году

Кіраўніцтва Reader’s Digest уручае ўзнагароду дырэктарцы "Белсату" Агнешцы Рамашэўскай

Прэстыжная ўзнагарода, ляўрэата якой вызначаюць супольна 20 эўрапейскіх выданьняў часопісу Reader’s Digest, прысуджаная дырэктарцы «Белсату» Агнешцы Рамашэўскай-Гузы «за кампанію на карысьць свабоды і дэмакратыі ў Беларусі», а перадусім за стварэньне адзінага незалежнага тэлеканалу «Белсат».
Ва ўрачыстасьці ўручэньня ўзнагароды ўзялі ўдзел прадстаўнікі МЗС Польшчы, кіраўніцтва часопісу ды бацькі Агнешкі Рамашэўскай-Гузы Сафія і Зьбігнеў Рамашэўскія — легендарныя апазыцыянэры часоў Польскай народнай рэспублікі.

«Я шмат разоў казала, што нашыя калегі — беларускія журналісты — гэта адныя з найлепш падрыхтаваных журналістаў у сьвеце. А іх усё запрашаюць і вучаць у розных краінах. Шмат разоў я была сьведкай гэтага. Аднак жа добра было б, каб яны яшчэ недзе маглі выкарыстаць свае здольнасьці, але няма дзе. Так і зьявілася ідэя стварыць тэлебачаньне», — сказала, сярод іншага, у часе цырымоніі спадарыня Рамашэўска.

Сёлета ўзнагарода Reader’s Digest прысуджаецца 18-ты раз. Раней яе ляўрэатамі былі, сярод іншых, Лінус Торвальдс — стваральнік апэрацыйнай сістэмы «Лінукс», Шымон Панэк — заснавальнік арганізацыі «Чалавек у нядолі».

Агнешка Рамашэўска на вокладцы Reader’s Digest