Памежнік пра скандал у Дамачаве: Такое ўпершыню

Аўтамабіль БМВ пратараніў шлагбаум на памежным пераходзе "Дамачава"

Затрыманы расеец, які, пратараніўшы шлягбаўм, перасёк на аўтамабілі «БМВ» памежны пераход «Дамачава». Нават памежнікі зь вялікім стажам ня могуць прыпомніць падобнага выпадку.
«Пры маёй памяці, а я ўжо 23 гады ў памежных войсках, упершыню такі выпадак. Зараз з парушальнікам працуюць. Ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня Берасьцейскай памежнай групы», — заявіў карэспандэнту Свабоды супрацоўнік памежнага атраду.

У Дзяржаўным памежным камітэце паведамілі, што затрыманаму расейцу 23 гады, ён спрабаваў праехаць на скрадзеным у Нямеччыне аўто. Аднак, калі ў польскіх памежнікаў выклікалі падазрэньне дакумэнты на «БМВ», малады чалавек ірвануў праз кардон.

Акалічнасьці высьвятляюцца, распачатая крымінальная справа.

Гэты выпадак — тэма нумар адзін у мястэчку Дамачава, каля якога знаходзіцца аднайменны памежны пераход. Мясцовыя жыхары кажуць, што памежнікі зьвярталіся да іх з просьбай, каб паспрыялі ў пошуках парушальніка.

Распавядае прадавачка крамы ў Дамачаве: «Прынесьлі абвестку, што пераехаў... Прыйшлі памежнікі, каб памаглі знайсьці чалавека. Прыходзілі да нас у краму...»

У Дамачаўскім пасялковым савеце кажуць, што ў памежных вёсках людзі маюць звычку дапамагаць памежнікам: «Ёсьць дружына дабраахвотная ў Ліплёўцы і Дамачаве. Пры сельвыканкамах яна ёсьць, па аказаньні дапамогі памежным заставам. Ды і так, з насельніцтвам усюды вядзецца гутарка».

Інцыдэнт адбыўся 21 студзеня. Расеец на «БМВ» 3-яй сэрыі, 2006 году, зьнесшы некалькі шлягбаўмаў, прарваўся праз КПП памежнага пераходу. Парушальніка мяжы ўдалося затрымаць толькі 22 студзеня ў вёсцы Гута Берасьцейскага раёну.

http://www.youtube.com/embed/JQ3DU7M4fNA