Супраць адваката Цімашэнкі пачалі крымінальную справу

Сяргей Уласенка каля калёніі, дзе ўтрымліваюць Юлію Цімшэнку (студзень 2012 году)

Сяргей Уласенка, адвакат экс-прэм'ера Ўкраіны Юліі Цімашэнкі, заявіў, што будзе і надалей прадстаўляць інтарэсы апазыцыйнай лідэркі, нягледзячы на распачатую супраць яго самога крымінальную справу.
У панядзелак Уласенка ня выключыў, што можа быць арыштаваны паводле абвінавачваньня ў крадзяжы аўтамабіля, разбоі і невыкананьні судовых рашэньняў у зьвязку зь яго разводам з жонкай некалькі гадоў таму. Уласенка сьцьвярджае, што ўсе гэтыя абвінавачваньні безгрунтоўныя і зьвязаныя са спробай палітычнага канкурэнта Цімашэнкі, прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча, аслабіць юрыдычную абарону былога прэм'ер-міністра.

На мінулым тыдні стала вядома, што пракуратура афіцыйна паведаміла Цімашэнцы, якая ўжо адбывае 7-гадовы турэмны тэрмін, аб тым, што яе падазраюць у датычнасьці да забойства бізнэсоўца Яўгена Шчэрбаня ў 1996 годзе. Дачка экс-прэм'ера Яўгенія заявіла ў панядзелак, што яе не пускаюць да маці, бо нібыта Юлія Цімашэнка ня хоча яе бачыць.