УДЗЕЛЬНІКІ: Алег Рудакоў (Іркуцк), Генадзь Лех (Масква), Анатоль Дожын (Масква)
Напачатку красавіка ў беларускіх дзяржаўных мэдыях зьявіўся шэраг паведамленьняў пра актыўную дзейнасьць беларусаў у Расеі. Пяць гадоў ад пачатку стварэньня адзначала Фэдэральная нацыянальна-культурная аўтаномія “Беларусы Расіі”. З гэтай нагоды былі праведзены некалькі мерапрыемстваў. Аўтаномія абвесьціла таксама аб пачатку выданьня ўласнай газэты.
Наколькі пададзеная інфармацыя адпавядае рэальнаму стану рэчаў з беларускімі справамі ў Расеі? Да ўдзелу ў нашай перадачы мы запрасілі ў першую чаргу непасрэднага ўдзельніка сьвяткаваньняў у Маскве спадара Алега Рудакова – старшыню Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага.
Узровень гэтых мерапрыемстваў у пэўнай ступені характарызуе самую дзейнасьць аўтаноміі “Беларусы Расеі”. Шмат аб чым гаворыць і тое, што іх правядзеньне было прымеркавана да 2 красавіка – так званага дня яднаньня народаў Расеі і Беларусі.
Напачатку ў праграме прадугледжвалася навукова-практычная канфэрэнцыі, яна адбылася 1 красавіка, у першай палове дня ў беларускім пасольстве.
(Сурмач: ) “Спадар Алег, наколькі прадстаўнічай была гэтая канфэрэнцыя, хто там прысутнічаў?”
(Рудакоў: ) “Былі кіраўнікі розных суполак з Расеі, усяго было чалавек 20-25. Але не было, напрыклад, з Калінінграда прадстаўнікоў, не было з Санкт-Пецярбургу, зь Цюмені нікога”.
Тэма канфэрэнцыі даволі выразна абазначала пазыцыі кіраўніцтва аўтаноміі – “Роль беларускай дыяспары ў разьвіцьці інтэграцыйных працэсаў”.
(Рудакоў: ) “Тэма была заяўлена, але, у асноўным, прадстаўнік кожнай суполкі распавядаў пра тое, як яны праводзяць сваю працу. Усе яны выступалі на расейскай мове.
Адзін я толькі потым не вытрымаў, папрасіў слова апошнім. Я пачаў выступаць на беларускай мове. Спачатку я трохі жартам сказаў, што вось сабралася тут шмат беларусаў, што так прыемна тут ўсіх бачыць, што людзі прыехалі з розных рэгіёнаў, што ўсе вы дбаеце пра беларускую справу, пра беларускую культуру, але, чамусьці ніхто з прысутных на беларускай мове не размаўляе… Як мы можам прапагандаваць і пашыраць беларускую культуру без нашай мовы? Мова – гэта найпершая ўмова. І калі старшыні ды кіраўнікі ня будуць размаўляць, то як жа будуць размаўляць сябры нашых суполак, як нашыя дзеці могуць размаўляць на беларускай мове?”
(Сурмач: ) “І як была ўспрыняты Ваш выступ?”
(Рудакоў: ) “Цяпер я бачу, што мяне пачыналі ўспрымаць. Напрыклад, мяне на першы зьезд ФНК не пускалі. ФНК – гэта Фэдэральная нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў Расеі. На другі зьезд я быў запрошаны, мне ўжо там далі выступіць. Гэта было год таму. Я там таксама быў адзіным выступоўцам на беларускай мове. Я зрабіў цэлы шэраг прапановаў па ўзаемадзеяньню Рэспублікі Беларусь, ФНК і беларускімі арганізацыямі з рэгіёнаў Расейскай Фэдэрацыі. Многія палічылі тады мой даклад занадта радыкальным.
Шмат каго ўзрушыла тое, што цяпер у Расеі па апошняму перапісу запісалася беларусамі значна менш людзей, чым гэта было ў 1989 годзе. Чаму? Бо гэта проста вынік таго, што ніхто зь іх не займаецца патрыятычным выхаваньнем”.
(Сурмач: ) “Спадар Рудакоў якраз вельмі актыўна займаецца ў Іркуцку выхаваньнем беларусаў у традыцыях беларускай культуры і ўрэшце ягоная праца была ацэненая”.
(Рудакоў: ) “Мне нават уручылі падзякі – ад Камітэта па справах рэлігіі і нацыянальнасьцяў Беларусі, вельмі добрая падзяка – за выхаваньне беларускай сьвядомасьці і г.д. Я з гэтым згодны. А другая падзяка – ад пасольства, падпісаная паслом Грыгор'евым, але, з гэтай падзякаю я не пагадзіўся і не прымаю яе. Там напісана на расейскай мове, што мне выказваюць шчырую падзяку за тое, што я быццам раблю вялікую справу па ўзмацненьню саюзнай дзяржавы і інтэграцыйных працэсаў. Спачатку я не паглядзеў, далі і далі, а потым, калі разгледзеў...”
(Сурмач: ) “Пасьля канфэрэнцыі адбыліся ўрачыстасьці да юбілею аўтаноміі”.
(Рудакоў: ) “Ад поўдня і да вечара было мерапрыемства, прысьвечанае 5-й гадавіне ўтварэньня ФНК. Гэтае мерапрыемства заключалася ў тым, што сабралі нас у Доме нацыянальнасьцяў, у канфэрэнц-залі. Былі выступы – Каўрыга выступіў, віншавалі прадстаўнікі другіх нацыянальных-культурных аўтаноміяў, хтосьці яшчэ нешта сказаў. Людзей было недзе чалавек 50-60”.
(Сурмач: ) “З раніцы 2 красавіка госьці яшчэ раз мелі магчымасьць пагаварыць аб сваіх праблемах”.
(Рудакоў: ) “Быў "круглы стол", які праходзіў у сядзібе ФНК. Яны зараз маюць сваю сядзібу ў гатэлі "Берлін", на 14 паверсе. Мы там вялі размову даволі прынцыповую, кожны змог выказацца. Тэма – проста абмен меркаваньнямі, як лепей далей будаваць сваю працу.
У большай ступені там гучалі такія размовы, што трэба больш выкарыстоўваць эканамічныя стасункі паміж расейскімі дыяспарамі і Рэспублікай Беларусь.
Гэткі накірунак найбольш адпавядае інтарэсам кіраўніцтва Беларусі, якое ўсялякімі спосабамі імкнецца навязаць непасрэдныя эканамічныя сувязі з рэгіёнамі Расеі”.
Напярэдадні сьвята яднаньня губэрнатар Кемераўскай вобласьці Аман Тулееў прыслаў тэлеграму прэзыдэнту Беларусі, дзе ад імя жыхароў вобласьці выказаў удзячнасьць Аляксандру Лукашэнку за асабісты ўдзел у разьвіцьці эканамічнага супрацоўніцтва з Кузбасам.
(Сурмач: ) “Спадар Алег, ці на ўрачыстасьцях аўтаноміі ад расейскіх уладаў нехта ўдзельнічаў?”
(Рудакоў: ) “Не, яны былі толькі на другі дзень вечарам, калі быў канцэрт, прысьвечаны 8-й гадавіне ўтварэньня гэтай як быццам бы “сумеснай дзяржавы”. Ён быў у Калённай залі. Выступалі Грызлоў, Барадзін і Грыгор'еў – пасол. Усе на расейскай мове. Грыгор'еў беларускую мову наагул ня ведае. Калі мы зь ім размаўлялі, неяк атрымалася, што мы зь ім там сустрэліся, я сказаў, што мы 17 красавіка будзем праводзіць свой чарговы зьезд у Іркуцку, я гаварыў на беларускай мове, а ён глядзіць на свайго супрацоўніка, не разумее мяне, што такое “красавіка”. Той яму тлумачыць – "апреля", " А, апрель, всё ясно".
На тым канцэрце была галоўная ідэя, што беларусы і расейцы былі заўсёды разам, што яны і далей павінны быць разам, што гэта адзіны народ. Гэтай ідэяй было ўсё прасякнутае. Зь Беларусі былі "Сябры", таксама ўсе песьні сьпявалі толькі на расейскай мове. Я з Анатолем Ярмоленкам размаўляў і запытаўся, чаму, ён адказаў, што так яму сказалі.
За ўвесь канцэрт толькі дзьве песьні на канцэрце былі па-беларуску”.
(Сурмач: ) “Спадар Рудакоў напачатку сказаў пра тое, што на ўрачыстасьці не прыехалі прадстаўнікі некаторых буйных беларускіх суполак. Гледзячы па колькасьці прысутных не вельмі актыўнымі былі і беларусы Масквы. Мы зьвязаліся са старшынём старэйшай беларускай арганізацыі ў Расеі – Маскоўскага таварыства беларускай культуры імя Ф. Скарыны Генадзем Лехам.
Спадар Генадзь, ці Вас запрашалі на гэтыя мерапрыемствы?”
(Лех: ) “Не, не запрашалі. Не запрашалі, людзі проста ведаюць, што мы адмоўна ставімся да гэтых урачыстасьцяў з нагоды яднаньня народаў Расеі і Беларусі”.
(Сурмач: ) “Спадар Лех лічыць, што няма асаблівай нагоды для адзначэньня 5-й гадавіны дзейнасьці аўтаноміі “Беларусы Расеі”.
(Лех: ) “Шмат з таго, што дэкляруецца, зьяўляецца папросту "ліпаю". У свой час паведамлялі, што тут стварылася 47 беларускіх арганізацый па Расеі, у 47 суб'ектах Расейскай Фэдэрацыі, і на падставе гэтага стваралася аўтаномія беларусаў Расеі. Але арганізацыі гэтыя ў большасьці былі "ліпавыя"! Тое самае можна сказаць і пра аўтаномію беларусаў Масквы. Яна створаная два гады таму, кіруе ёй спадар Шляга. Фактычна, мы гэтую арганізацыю проста нідзе не бачылі.
Калі стваралі аўтаномію беларусаў Расеі, тады існавала міністэрства па справах нацыянальнасьцяў Расеі, Абдулатыпаў выдзеліў тады на гэта грошы.
Пуцін зьліквідаваў гэтае міністэрства. Па ліквідацыі міністэрства цікавасьць да нацыянальных аўтаноміяў адразу зьнікла, і да іхнага стварэньня і да іхнага функцыянаваньня. Спыніўся працэс фармаваньня гэтых аўтаноміяў. Няма фінансаваньня і ніхто гэтым займацца не будзе”.
Таіса Мішчанка, намесьніца спадара Леха, даслала нам допіс, дзе паведаміла, што не зусім адпавядае рэальнасьці тое, што часам заяўляюць, што ў Маскве існуе беларускі культурны цэнтпр у будынку гатэля “Бэрлін”. Ёсьць толькі памяшканьне, але там няма ні бібліятэкі, ні курсаў беларускай мовы, нічога іншага, чым маглі б карыстацца тамтэйшыя беларусы.
Але, магчыма, надзея ёсьць, бо старшыня аўтаноміі “Беларусы Расіі” спадар Францішак Каўрыга на сьвяткаваньні юбілею абвесьціў, што пытаньне аб стварэньні беларускага цэнтру будзе вырашанае цягам году.
Ва ўсіх далёка не аптымістычных выніках дзейнасьці аўтаноміі “Беларусы Расіі”, бадай што, найбольш прывабна выглядае пачатак выданьня ўласнай газэты “Беларусы Расіі”. Першы нумар меркаванага будучага штотыднёвіка ўжо выйшаў і прыежджыя з суполак госьці маглі яго прачытаць.
Каб распытаць пра тое, што гэта будзе за газэта, мы паспрабавалі зьвязацца з галоўным рэдактарам выданьня Анатолем Дожыным. Дарэчы, ён родам з Зэльвы, зямляк Ларысы Геніюш. Аказалася, што знайсьці яго льга толькі празь беларускае пасольства. Калі я атрымала магчымасьць пагаварыць са спадаром Дожыным, вядома ж запыталася, чаму да яго можна дастацца толькі праз пасольства, ён адказаў коратка:
(Дожын: ) “Я зь імі сябрую”.
(Сурмач: ) “Спадар Анатоль, які наклад газэты?”
(Дожын: ) “Тыраж пакуль што маленькі, бо яна яшчэ не зарэгістраваная. Адна тысяча асобнікаў. Першы нумар – пробны, "пілётны". З гэтай прычыны тыраж невялікі. Дый грошай ня вельмі многа. А далей тыраж ужо будзе ад попыту залежаць”.
(Сурмач: ) “Як мне сказалі, асноўная мова газэты – расейская, а ці будзе ў ёй мейсца для беларускага слова?”
(Дожын: ) “У першым нумары мы далі падборку вершаў на беларускай мове, будзем практыкаваць устаўкі беларускія”.
(Сурмач: ) “Ці не маглі б сказаць, якія тэматычныя рубрыкі, разьдзелы будуць у выданьні?”
(Дожын: ) “Чаму не? Мой край родны, паэтычная рубрыка, будзе многа матэрыялаў, якія будуць распавядаць пра таварыствы ў рэгіёнах, гісторыю будзем раскопваць”.
(Сурмач: ) “Дзе можна атрымаць першы нумар, ці ёсьць мажлівасьць падпісацца?”
(Дожын: ) “Гатэль "Бэрлін " у Маскве, там маскоўскія ўлады дазволілі мець некалькі памяшканьняў для аўтаноміі "Беларусы Расеі" і там можна ўзяць. Пра падпіску мы яшчэ не думаем, праз год можам выйсьці на падпіску”.
(Сурмач: ) “А наступны нумар калі можна чакаць?”
(Дожын: ) “Мяркуем недзе празь месяд, да дня Перамогі, можа так”.
(Сурмач: ) “Спадар Анатоль, калі ласка, раскажыце дакладней пра кірунак газэты. Гэта будзе выданьне беларусаў Расеі, ці выданьне для беларусаў Расеі?”
(Дожын: ) “Інфармацыя ў асноўным будзе ісьці зь Беларусі, для расейскіх беларусаў. Хочацца зрабіць такое выданьне, каб яно напамінала нашым людзям пра Беларусь, расказвала пра навіны зь Беларусі. Пакуль што замала інфармацыі зь Беларусі. Калі каму-небудзь "нюхаўку " разаб'юць, дык яшчэ зь Менску знаюць, а калі многа добрых такіх справаў у рэспубліцы праходзіць, хочацца такое расказаць, што рэспубліка яшчэ жыве, што беларусы жывыя і зычаць усім дабра. Мы нікому не падпарадкоўваемся, ні праўрадавыя, ні апазыцыі, прэтэндуем на аб'ектыўную інфармацыю”.
На завяршэньне перадачы нагадаем, што ў Расейскай Фэдэрацыі адпаведна апошняму перапісу 2002 году жыве 815 тысячаў беларусаў. Афіцыйна беларуская меншасьць не ўваходзіць у сямёрку нацыянальнасьцяў краіны, колькасьць якіх налічвае вышэй за 1 млн. У рэальнасьці гэта можа выглядаць інакш, бо шмат хто не запісвае сябе беларусам у выніку той палітыкі, якую праводзяць, найперш, улады Беларусі, прапагандуючы ідэю адзінага расейскага і беларускага народаў.
Спадар Рудакоў вышэй сказаў, што колькасьць беларусаў зьменшылася ў параўнаньні з перапісам 1989 году. І гэта сапраўды так, у той час беларусамі назвалі сябе 1 млн. 206 тыс. чалавек.
Гэта азначае, што колькасьць беларусаў у Расеі скарацілася на траціну.