У адной з нашых нядаўніх перадачаў пра паўстаньне палітвязьняў у Варкуце ў 1953 годзе мы пазнаёмілі вас з беларусам зь Вільні Кастусём Шышэям, які у той час знаходзіўся ў лягерах Комі, дзе адседзеў 10 гадоў і там пазнаёміўся з Ларысай Геніюш. Гэтым разам сп.Шышэя распавядае пра адну трагічную падзею беларускай гісторыі, удзельнікам якой ён быў і з-за чаго апынуўся на Поўначы.
Напачатку вайны Кастусю Шышэю было 22 гады, родам ён з Наваградчыны, і калі там стала арганізоўвацца беларускае войска, ён пагадзіўся на прапанову Барыса Рагулі ўступіць у вайсковыя шэрагі, каб будаваць беларускую дзяржаву. Шмат хто ў той час спадзяваўся, што вайна прынясе канчатковае вызваленьне ад бальшавізму, і Беларусь стане незалежнай краінай. У хлопца былі свае рахункі з савецкай уладай, пры якой у 1939 г. расстралялі ягонага бацьку.
(Шышэя: ) “Я пайшоў у Наваградак, яшчэ тады амаль нікога не было, некалькі такіх хлопцаў, як я. Рагуля сеў з намі і гаворыць: "Я вам дам кніжкі, вывучыце тэрміналёгію беларускую, вайсковыя каманды". І так мы навучыліся па-беларуску камандаваць.
Потым з настаўніцкай сэмінарыі ў Наваградку выпускнікі ўсе перайшлі да нас, і нас стала ўжо даволі шмат. І пачалася вайсковая цьвічка.
Наша задача была такая: калі якой-небудзь вёсцы пагражае небясьпека, трэба было хутка туды ехаць і зрабіць там парадак.
У сакавіку мы прысягу прынялі ў Наваградку. Сабраліся сьвятары, школьнікі, усё было так урачыста, і пасьля гэтага мы зрабіліся ўжо жаўнерамі”.
Калі ўлетку 1944 году савецкія войскі вызвалілі Беларусь ад немцаў і стала відавочным, што краіна ізноў апынецца ў складзе СССР, тыя сьвядомыя беларусы, хто ўдзельнічаў пад час вайны ў нацыянальным руху, мусілі пакідаць Бацькаўшчыну.
(Шышэя: ) “Рагуля выступіў і сказаў: "Хто хоча, хто не баіцца бальшавікоў, можаце ісьці дадому, нават са зброяй. А хто хоча – пойдзем са мною, я іду на Захад". Нас чалавек 150 далучылася да яго і на конях паехалі. Заехалі за Нёман, там заляглі адпачыць, а тут самалёты савецкія як наляцелі, пачалі бамбіць. Пасьля гэтага нас засталося можа чалавек 50-70, і мы пайшлі далей. Рагуля загадаў нам чацьвярым ехаць у Гародню, астатніх накіраваў у іншым напрамку. Мы прыехалі ў Гародню, пераначавалі, прыйшлі ў дамоўленае месца да царквы, і там Рагуля нас спаткаў. Здалі коней і на машыне паехалі ў Беласток, там пераначавалі і паехалі да Варшавы.
У Варшаву прыехалі, на вул.Сьвентаярскай там быў Беларускі камітэт, якім кіраваў Мікола Шчорс. Мы там тыдні два былі. На шчасьце, 1 жніўня мы выехалі з Варшавы, толькі ад'ехалі, азірнуліся – Варшава гарыць: паўстаньне. Бачым, як Варшава гарыць, бамбяць горад. Калі б мы не выехалі, прапалі б там”.
Далей яны скіраваліся ва Ўсходнюю Прусію, праз 3 дні прыпыніліся ў Дальвіцы. Месца, дзе давялося начаваць, нагадвала нейкі лягер.
(Шышэя: ) “Баракі нейкія штук дзесяць, нікога там не было, толькі пару нейкіх расейцаў. Мы занялі гэтыя баракі, нас было чалавек 30. Начальнік прыехаў, немец, прывітаўся з намі, пажадаў нам добра адпачыць і сказаў, што гэта школа выведкі.
Мы выйшлі ў лес, і Рагуля сказаў, што калі некаму не падабаецца, то няхай добра падумае, заставацца ці не, бо нас мяркуецца закінуць у Беларусь, каб мы змагаліся. Мы ўсе партыйныя – Беларуская незалежніцкая партыя, я ў ёй даўно ўжо быў, з 1942 году. Рыхтаваліся да таго, што Беларусь будзе дзяржаваю ў нас. Мы засталіся і там вучыліся. Вучыліся, як хавацца”.
Сп.Кастусь, як Вы асабіста і вашыя палечнікі ўспрынялі тады гэты нечаканы паварот справы, ці адразу ўсе пагадзіліся?
(Шышэя: ) “Мы засталіся таму, што думалі (і нас рыхтавалі да гэтага), што ў Беларусі будзе рэферэндум пасьля вайны. Трэба было людзей нашых падрыхтаваць да гэтага рэферэндуму, трэба было распавесьці гэтым людзям. Мы ведалі нашых людзей: хто католік – значыць, паляк, праваслаўны – значыць, расеец, і ніякай Беларусі яны ня ведалі, паняцьця ня мелі. І толькі гэты пэрыяд часу, як мы ўжо хадзілі з гэтымі песьнямі беларускімі, дык людзі плакалі, што ёсьць свае хлопцы. І мы вырашылі, што мы зьбярэм у Беларусі людзей, якія будуць хацець нечага свайго. Спадзяваліся, мы ня думалі, што выйдзе інакш. І наша кіраўніцтва ня ведала, што так выйдзе, што саветы забяруць ня толькі Беларусь, а і палову Эўропы”.
Хто навучаў вас, якія былі выкладчыкі?
(Шышэя: ) “У нас выкладаў барон фон Энгельгардт, "Гісторыю Беларусі" ён напісаў. Ён гаварыў па-руску: аказваецца, ён яшчэ ў 1914 годзе быў на Палесьсі. Выкладалі: Рагуля, Гелда Іван, капітан яшчэ царскай арміі, яму было 47 гадоў, зь Беластоку, разумны чалавек.
Потым Родзька Усевалад прыехаў. Гэта такі чалавек, яго ніхто з нас не любіў. Прывёз сваіх чалавек 30, зь іх арганізавалася паўночная група. Мы – наваградзкія – лічыліся паўдзённаю. Па-мойму, ён Рагулю і выцесьніў, мне так здаецца, і Рагуля выехаў адтуль у Бэльгію”.
Вы сапраўды тады верылі ў посьпех сваёй місіі?
(Шышэя: ) “Ня можа быць жа, каб Захад аддаў на гібель гэтыя народы, не магло гэтага быць! Таму мы думалі, што калі мы ўцячэм зь Беларусі назусім, дык хто ж там будзе на тым рэферэндуме, нікога ня будзе! Трэба ехаць і падымаць народ для таго рэферэндуму”.
З гэтай думкаю маладыя беларускія жаўнеры старанна вучыліся, і калі прыйшоў час апэрацыі, ніхто зь іх не спалохаўся, не адмовіўся ад свайго рашэньня ахвяраваць сябе дзеля Бацькаўшчыны.
(Шышэя: ) “Не, усе дружна ляцелі. Я ўжо цяпер, з пазыцыі часу, думаю, што і лётчыкі, якія нас везьлі, выкінулі недзе з вышыні 10 км, яны ведалі, што нас на гібель кінулі. Гэта толькі Родзька ня бачыў, а старэйшыя людзі бачылі. А мы верылі, што едзем дзеля прапаганды.
28 чалавек адабралі нас. Міхась Вітушка ў нас быў камандзірам, гэта новы чалавек. Ён кіраваў нашай групаю, ён зь Нясьвіжа. Адзін ён прыехаў, адкуль прыехаў – ня ведаю. Ён маёрам быў. Прыехаў у скуранцы такой і разам з намі ў самалёт сеў”.
Гэты беларускі дэсант быў закінуты на тэррыторыю Беларусі 17 кастрычніка 1944 году. Дэсантнікаў было 27 чалавек, двадцаць восьмы ня змог скочыць, бо ягоны парашут аказаўся сапсаваным, і ён вярнуўся назад.
Жаўнеры былі апранутыя ў вайсковую форму, кожнаму выдалі ў дарогу па 5 тыс. савецкіх рублёў і парашут. Ці мелі яны з сабою нейкія ўлёткі, кніжкі ці якія матэрыялы для вядзеньня прапаганды?
(Шышэя: ) “Нічога: свае веды, а веды нашыя якія былі – мы ведалі, што мы беларусы і шчыра ня хочам калгасаў, мы іх пабачылі за паўтары гады за бальшавікамі, зналі, што гэта страшныя людзі”.
Гэтак жа прыкладна і тэхнічна яны былі падрыхтаваныя да апэрацыі. Ніхто зь іх – былых вясковых хлопцаў – дагэтуль увогуле не ляцеў у самалёце, скакаць з парашутам іх таксама зусім не вучылі. Напачатку меркавалася, што самалёт прызямліцца недзе ў лесе і высадзіць группу. Але калі іх заўважылі і пачалі абстрэльваць самалёт зь зямлі, лётчыкі зьмянілі намер і пачалі скідваць дэсантнікаў па аднаму зь вялікай вышыні, што стала вялікім выпрабаваньнем для людзей, якія гэта рабілі ўпершыню.
Самалёт рабіў кругі, і атрымалася так, што дэсантнікі аказаліся рассыпанымі ў розных месцах, часам на вялікай адлегласьці. Некаторыя былі застрэленыя яшчэ ў паветры пры сьвятле пражэктараў.
Тыя, хто змог прызямліцца, шукалі іншых і стараліся як мага далей адбегчы ў лес, каб уратавацца.
Сп.Шышэю ўдалося спусьціцца на родную зямлю жывым і здаровым, іх сабралася некалькі чалавек, і яны пачалі шукаць выйсьця, што рабіць далей. Гэтай групаю кіраваў Янка Гінько. Доўга блукалі па незнаёмым лесе, потым высьветлілася, што іх выкінулі недзе паблізу Воранава, дзе былі вялікія лясы, і можна было схавацца.
Аднак, яны мусілі выходзіць на кантакт зь людзьмі. Дапякаў голад, у асеньнім лесе мала што было прыдатнага для ежы, а з сабою яны не мелі нічога, бо нават сухіх пайкоў ім ня выдалі ў дарогу. Група прыпынілася на адпачынак і сп.Шышэя паслалі як выведчыка ў бліжэйшую вёску.
Калі ён зайшоў у хату, там была толькі гаспадыня, якая не спалохалася і даволі прыветна сустрэла незнаёмага чалавека.
(Шышэй: ) "Вы бачыце, я салдат, я уцёк з вайны, не хачу ваяваць. Можа вы мне дасьцё што-небудзь паесьці?" – "Ты адзін?". Я адказаў, што адзін. Запрасіла мяне ў хату, наліла гарбаты з малінаю. Я папрасіў яшчэ і кусок сала з сабою. Сказала, што дасьць і кусочак сала, цыбулі мне палажыла”.
Ад гэтай жанчыны сп.Кастусь даведаўся пра тое, што ў гэтых мясьцінах ёсьць польскія партызаны Арміі Краёвай. Ня бачачы іншага выйсьця, ён папрасіў жанчыну дапамагчы сустрэцца зь імі.
Сустрэча з акаўцамі адбылася, тыя прапанавалі сваю дапамогу. Дарэчы, да акаўцаў трапіў таксама і камандзір групы Міхась Вітушка, які ў хуткім часе загінуў пад час сутыкненьня партызанаў з савецкімі жаўнерамі.
Савецкія войскі ваявалі з польскімі партызанамі, а вас яны шукалі, ведалі ж, што дэсант быў?
(Шышэя: ) “Як не шукалі? Канешне, па ўсіх лясох шукалі, але мы адтуль ужо каля 20 км адышлі. Там лес і лес, суцэльны лес быў, каля Воранава, вёскі невялічкія”.
Што было далей, куды вырашылі ісьці?
(Шышэя: ) “Вырашылі так, што трэба, каб частка з нас пайшла ў Налібоцкую пушчу. Гінько сказаў, што хоча застацца тут са мною, бо я ўжо навязаў лучнасьць з акаўцамі, і я не павінен нікуды адыходзіць. Яшчэ двое вырашылі застацца, а 5 чалавек на чале з Давідчыкам пайшлі ў Налібоцкую пушчу. І куды гэты Філя пайшоў – дадому. А дома бацькі яго на воз і ў Любчу, у КДБ.
Якое ў іх было выйсьце – ісьці ў партызаны. Бацькі лічылі, што калі ён дабраахвотна здасца, можа яго адпусьцяць дадому. Так чалавек думае. Усіх іх потым пералавілі”.
Далей сп.Кастусь распавёў пра лёс іхнай групы.
(Шышэя: ) “Мы ўчатырох засталіся і блукалі па лесе. Зайшлі ў адну хату на хутары – цётка аладкі пячэ. Мы аднаго паставілі на ахову. Раптам ён ускочыў у хату і сказаў, што аблава ідзе. Двое заходзяць у хату, адзін сяржант. Я сказаў сваім хлопцам, каб апраналіся, і мы пойдзем да іхнага начальніка. Выйшлі з хаты, ідзем, бачу: здаравенны камень ляжыць. Падыйшлі, я кажу: вось хлопцы, вы ідзіце ў свой штаб, а мы пойдзем у свой. Гэты сяржант кажа: "Як?" – “Вось так, – кажу, – вайна ёсьць вайна”. Я сваім хлопцам кажу: уцякайце. Гэтыя хлопцы адразу бягом, а я, калі параўняліся з каменем, за камень схаваўся. А ён па гэтым камені з аўтамата. Там была лагчынка, дабег да лесу, хлопцы ўжо там былі. Убачылі, што няма Гінька. Ён выбіўся недзе ў поле і там упаў, значыць, забіты. А мы ўтрох дабеглі да нейкай рэчкі, перайшлі, заселі ў кустах і сядзелі цэлы дзень ня еўшы, ня піўшы. Залезьлі потым ў нейкае гумно, адпачываем.
Чую: мае спадарожнікі гавораць паміж сабою, што трэба ісьці здавацца, бо заб'юць.
А я ляжу і думаю: "Божа, Божа... Прапаў".
Я прыкінуўся, быццам сплю, потым чую, што яны задрамалі, я ціхенька устаў, выйшаў з гумна".
Кастусь Шышэй цьвёрда вырашыў дабраахвотна не здавацца ўладам і таму пайшоў далей адзін.
Але ягоныя блуканьні хутка скончыліся, і ён трапіў у рукі савецкіх жаўнераў. Далей быў суд і вырак – 10 гадоў лягероў.
Сп.Кастусь гаворыць, што ён сёньня ці не адзіны, хто застаўся ў жывых з таго дэсанту. Вядома, можа яшэ нехта жыве, але ніхто да сп.Шышэя не абазваўся.
Пасьля лягераў сп.Кастусь не вярнуўся ў Беларусь, але хацеў быць бліжэй і пасяліўся ў Вільні. Стаў актыўным удзельнікам беларускага жыцья, распавядае маладым пра тыя нязьдзейсьненыя намеры будаваць незалежную Беларусь.