У гэты час летніх адпачынкаў да нас на радыё завітала маладая беларуска з Каліфорніі Альжбэта Макаед. Па дарозе ў Беларусь яна прыпынілася ў Празе і захацела пазнаёміцца з тутэйшай беларускай грамадой. Да гэтага часу ў нашай перадачы было мала гасьцей з Каліфорніі, і мы запрасілі яе да размовы.
Альжбэце зараз 22 гады, восем зь іх яна пражыла ў Амэрыцы. У 1995 годзе яе сям’я пакінула Беларусь і пачала новае жыцьцё ў горадзе Сакрамэнта – адміністрацыйным цэнтры Каліфорніі.
Дзяўчына скончыла там сярэднюю школу і паступіла вучыцца ва унівэрсытэт, цяпер на 4 курсе.
(Альжбэта: ) "Я выбрала ўнівэрсытэт каліфарнійскі ў Бэрклі, гэта адзін з найлепшых. Бэрклі знаходзіцца праз заліў ад Сан-Францыска. Я выбрала прыкладную матэматыку. Адна з цудоўных рэчаў вывучэньня матэматыкі – гэта тое, што яе можна прыкладаць усюды. Калі захачу, магу быць настаўніцай, калі захачу працаваць у індустрыі, таксама гэта магу зрабіць, калі захачу пайсьці ў асьпірантуру, таксама можна. Тут патрабуецца шмат самастойнай працы. Я лічу, што калі жадаеш, то можна ўсяго дасягнуць”.
Але ж вядома, што добрая адукацыя ў Амэрыцы нямала каштуе, як гэта можа быць даступна для эмігранта?
(Альжбэта: ) “У Амэрыцы ёсьць шмат шляхоў, якія можна ўжываць, каб заплаціць за адукацыю. Ёсьць розныя дзяржаўныя стыпэндыі, а таксама прыватныя. Ня кожны можа атрымаць, але можна, можна знайсьці шляхі і гэта ўсё атрымаць.
Я атрымоўваю стыпэндыю і большасьць часу жыву за гэта, але таксама амэрыканская дзяржава дае пазыку. Яны даюць пазыку, яны разьлічваюць, што калі ты атрымаеш адукацыю, ты будзеш мець добрую працу і зможаш гэта выплаціць. Мне даводзіцца браць і пазыкі таксама. Але і дзяржава мне таксама дапамагае аплочваць адукацыю. Аднак, дзяржава ніколі не дасьць табе дастаткова, каб аплаціць ня толькі адукацыю, але і на жыцьцё. На жыцьцё ўсё ж даводзіцца працаваць і знаходзіць грошы. Час ад часу я працую.
У кожным унівэрсытэце існуе Цэнтар кар'еры і гэтыя цэнтры дапамагаюць знайсьці працу пасьля таго, як атрымаеш адукацыю, а таксама і часовую”.
Дзяўчыне падабаецца амэрыканскі ўклад жыцьця , які дае кожнаму магчымасьць для самарэалізацыі.
(Альжбэта: ) “Можна знайсьці сваю калею жыцьця, можна знайсьці месца, дзе табе падабаецца, можна жыць як бы ў сваім маленькім сьвеце, хаця ты знаходзішся ў нашмат большым. І з гэтага боку гледжаньня мне вельмі падабаецца, меней сацыяльных ціскаў, ніхто цябе не прымушае жыць вось так, а не інакш, і ўсе прымаюць цябе за таго, хто ты ёсьць”.
Альжбэта пачувае сябе беларускай, як бачым, яна не забыла родную мову, цікавіцца беларускімі навінамі, слухае радыё “Свабода”, чытае беларускую літаратуру. У Каліфорніі яна знаходзіць беларусаў і падтрымлівае сувязі зь імі. Яна не зьбіраецца траціць сувязі з Бацькаўшчынаю, таму з Прагі паедзе ў Беларусь, дзе не была 8 гадоў.
(Альжбэта: ) “Не, сувязь траціць не зьбіраюся. Беларусь – гэта частка мяне. Я як беларуска даю амэрыканскай культуры штосьці. Я ведаю, хто я і зьяўляюся таму нашмат цікавейшай асобаю”.
Як высьветлілася, на Радзіме Альжбэта вучылася толькі ў расейскамоўнай школе, а ейная беларускасьць выхаваная найперш у сям’і. Вядома ж, мы пацікавіліся, якая гэта сям’я, і даведаліся, што ў ёй вырасьлі 6 дзяцей, і ўсе гавораць па-беларуску. Чацьвёра зь іх – студэнты. Старэйшы сын Кастусь у гэтым годзе скончыў унівэрсытэт, ён таксама скарыстоўваў тыя ж магчымасьці для аплаты навучаньня, пра якія гаварыла Альжбэта, і адначасна працаваў. Яму 26 гадоў.
(Кастусь: ) “Я атрымаў бакаляўра ў мінулым месяцы. Мая чатырохгадовая ступень у эканоміцы. Далей шукаю працу. Я шукаю пачатковую працу для мэнэджэра. Кампаніі маюць гэтую праграму, наймаюць маладых людзей, якія толькі што скончылі вучыцца. Яны іх трэніруюць на мэнэджэраў. Я таксама думаю вучыцца далей і атрымаць магістарскую ступень у бізнэсе. Але для гэтага трэба спачатку працаваць. Так амэрыканская сыстэма створаная, што для таго, каб атрымаць гэтую ступень, патрэбна некалькі гадоў мець працы”.
Кастусь таксама беражліва захоўвае на чужыне сваю беларускасьць.
(Кастусь: ) “Пачынаў яшчэ на Радзіме, у Беларусі, пазнаёміўся зь беларускай ідэяй. Я вырас больш не ў расейскім асяродзьдзі, а ў беларускім, мае бацькі па-беларуску размаўлялі. Я разумеў, што беларусы зьяўляюцца іншай нацыяй ад расейцаў”.
Кастусь вучыўся ва ўнівэрсытэце ў Лос-Анджэлесе, адначасна зь ім туды паступіла і ягоная малодшая на два гады сястра Тацяна.
(Тацяна: ) “Мы з Кастусём трапілі туды ў адзін і той жа час. Там я вучылася на спэцыяльнасьці эканоміка, а таксама вывучала бухгальтэрыю. Мы з Кастусём блізкія, у нас шмат агульных зацікаўленьняў.
Ён скончыў, а я не, бо я брала адзін год акадэмічны адпачынак. Вырашыла даць яму права першаму скончыць. Мне застаўся яшчэ адзін год, каб атрымаць ступень бакалаўра.
Мы разам у клюбы, у бары хадзілі вечарамі, урокі разам вучылі, разам па начах сядзелі вучыліся перад залікамі”.
Тацяна таксама мэтанакіравана думае пра сваю будучыню.
(Тацяна: ) “Спадзяюся, што калі я скончу, я змагу знайсьці нешта цікавае. Найперш я цікаўлюся мэнэджмэнтам. А потым, мажліва, пачну сваю асабістую справу, каб быць незалежнай і працаваць на самую сябе. Таксама думаю атрымаць ступень магістра. Тут большасьць людзей канцэнтруецца на кар'еры”.
Тацяна дзейсна займаецца і беларускімі справамі, нядаўна яна нечакана для сябе атрымала цікавую працу.
(Тацяна: ) “У Сакрамэнта тут шмат славян і тут ёсьць славянскае радыё, яны ў асноўным маюць праграмы па-расейску, па-украінску. Мяне нядаўна запрасілі па-беларуску праводзіць. я была вельмі зьдзіўлена, але было цікава. Яны сказалі, што ёсьць дастаткова беларусаў, якія могуць мяне слухаць. Ужо каля двух месяцаў я праводжу раз у тыдзень маленькія перадачы па 20 хвілін, распавядаю пра падзеі з Беларусі, проста размаўляю па-беларуску”.
Так ад Тацяны мы ўпершыню даведаліся, што ў Каліфорніі існуе цяпер беларускае радыё. А што для дзяўчыны сама Каліфорнія?
(Тацяна: ) "Я люблю Каліфорнію, прыгажэйшага месца яшчэ ня бачыла, акрамя, канечне, Беларусі, для якой у маім сэрцы асобнае месца. Але Каліфорнія, можна сказаць, стала маім другім домам таму, што тут ёсьць усё – горы, вада, акіян, лес ёсьць, рэчкі ёсьць, сьнег ёсьць і пальмы тыя. Тут такая разнастайнасьць, і ўсё сумяшчаецца. Тут людзі з усіх краінаў, з усіх канцоў сьвету і гэта менавіта мне падабаецца”.
Для нашых слухачоў, пэўна, уяўленьне пра Каліфорнію найперш зьвязанае з Галлівудам, і таму мы запыталіся ў Тацяны, якія яна мела першыя ўражаньні ад гэтага знакамітага месца.
(Тацяна: ) “У Галівудзе была таму, што вучуся ў Лос-Анджэлесе, і гэта ў мяне пад бокам. Я, калі стала кватэру шукаць, адразу паехала ў Галівуд таму, што адчувала так, як адчуваюць, магчыма, у Беларусі, што Галівуд – гэта самае такое знакамітае,бліскучае месца. І калі я прыехала, то проста перапалохалася. Я прыехала позна, і ўсё выглядала ня так прыгожа, як я ўяўляла. "Зорак" там ня ўбачыш сярод ночы, а бамжоў шмат. Увогуле месца ня вельмі прыгожае. Яно прыгожае толькі тады, калі адбываецца прэм’ера нейкага фільма, і тады шмат знакамітых людзей зьбіраецца, заблякоўваюць вуліцы. Але там добрыя бары, добрыя рэстараны ёсьць для начнога жыцьця. А так, гэта звычайнае месца, якое ня вельмі прывабнае ўдзень і ўвечары асабліва. Пасьля таго як я пабачыла, я там кватэру не зьняла. Я была ў самым цэнтры Галлівуда, там, дзе "зорачкі" тыя раскладзеныя на падлозе зь імёнамі розных знакамітых галівудзкіх артыстаў. Вось так і пабачыла сапраўдны Галівуд, і пасьля таго не захацела”.
Чацьвёртая студэнтка ў сям’і – 20-гадовая Кацярына – вучыцца недалёка ад Сакрамэнта, ва ўнівэрсытэце гораду Дэвіц.
(Кацярына: ) “Вывучаю біялёгію, адвучылася 3 гады, яшчэ адзін застаўся, спадзяюся, што скончу ў наступным годзе. Я пакуль што пляную скончыць, крышку папрацаваць і далей вучыцца пачну. У ЗША ёсьць шмат праграмаў, напрыклад, у мяне ёсьць дапамога зь дзяржавы, таксама пазычаю грошы, выкарыстоўваю ўсе праграмы каб аплаціць. У Каліфорніі мне падабаецца, я вельмі задаволеная, што мы сюды прыехалі, таму што тут зьмяшаньне ўсякіх розных культураў”.
Кацярына пабывала ў іншым знакамітым месцы Каліфорніі –Дыснэйлендзе – і таксама не адчула захапленьня, што тлумачыцца найперш тым, што для бедных студэнтаў не па кішэні ўсе дзівосы гэтага дзіцячага каралеўства.
(Кацярына: ) “У Дыснэйлендзе была таксама, паўдня, было цікава, але там вельмі ўсё дарагое, калі купляць нешта, таму доўга там не затрымлівалася. Мы зьбіраемся гэтым летам сям'ёй ехаць у Нацыянальны парк у Каліфорніі”.
Усе чацьвёра нашых суразмоўцаў, як бачна, зусім не адчуваюць сябе разгубленымі эмігрантамі на чужыне. Яны сьмела ідуць у жыцьцё, шмат працуюць і пасьпяхова ідуць наперад. Яны цалкам асвоіліся ў новых умовах, але і захавалі сваю ідэнтычнасьць, ня здрадзілі сваёй беларускасьці і годна выяўляюць яе перад іншымі. Нам стала цікава, хто выхаваў гэтых маладых людзей мэтанакіраванымі і маральна трывалымі. Далей размова зь іх маці – Люсяю Макаед. З бацькам нам не давялося пагаварыць, бо ён зараз не жыве зь сям’ёю.
Сп. Люсі, маці шасьці дзяцей, 49 гадоў. Менавіта яна наважылася зьмяніць лёс сям’і і выехаць у эміграцыю. Яны жылі ў Ляхавічах, Люся працавала шэф-поварам, потым перайшла ў Дом быту, ейны муж Мікалай працаваў шафёрам. У гэтай звычайнай сям’і незвычайным для іншых было тое, што ўсе яны размаўлялі па-беларуску.
(Люся: ) "Проста мы жылі самі сабою, можна сказаць. Не прыладкоўваліся, а жылі па сваёй даўнейшай традыцыі, якая захавалася ад маіх бацькоў, і я перадала гэта сваім дзецям. Хаця ня вельмі лёгка было, вельмі шмат з боку другіх людзей мы атрымоўвалі насьмешак. Але мы ўсё роўна яе несьлі, таму што мы зь ёю нарадзіліся, яна перадалася ад нашых бацькоў”.
Сп. Люся кажа, што яна старалася шмат увагі надаваць дзецям і выхоўваць іх дома хаця б да 5 гадоў.
(Люся: ) “Калі дзіцяці закладзеш нешта да 3-5 гадоў, яго ўжо можна пускаць у сьвет. Вельмі шмат часу праводзіла зь імі, шмат чыталі, шмат што рабілі. Мы вельмі, вельмі блізка былі. Можа, з-за таго яны і могуць так лёгка выжываць, што яны вельмі сябруюць паміж сабою, яны заўсёды адзін другому парады даюць, падтрымліваюць, дапамагаюць адзін аднаму як матэрыяльна, так і душэўна”.
Цяпер з маці жывуць толькі двое малодшых дзяцей, зь якімі мы таксама маглі пагаварыць.
Міхасю зараз 14 гадоў, ён ужо пачувае сябе дарослым і першым памочнікам маці, вучыцца ў школе.
(Міхась: ) "Добрай раніцы. Восьмую клясу скончыў. Тут добра і ў Беларусі добра, з той памяці, што ў мяне ёсьць. Я таксама іграю на скрыпцы”.
Наймалодшай Алесі 9 гадоў, ёй быў усяго гадок, калі яны прыехалі ў Амэрыку, так што Беларусь амаль ня памятае, але гаворыць па-беларуску і павіталася з намі па-ангельску.
(Алеся: ) "Добрай раніцы. Я зараз пайду ўжо ў чацьвертую клясу. Я іграю на скрыпцы. Мне тут падабаецца, тут ёсьць школа, дзеці ёсьць, тут можаш на машыне ехаць, тут ёсьць поле, можаш кветкі рваць”.
Сп. Люся мае кватэру і працу, цяпер ёй ужо лягчэй, чым было на першым часе. Сям’я змагла выжыць, і маці не шкадуе, што некалі ўзяла на сябе такую адказнасьць, каб паехаць у сьвет з малымі дзецьмі ў пошуках лепшай долі, калі страціла на Радзіме надзею забясьпечыць іх будучыню.
(Люся: ) “З аднаго боку тут ня проста, а з другога лёгка, нашмат лягчэй, чым у нас. Тут цябе лічаць за чалавека, паважаюць, гэта шмат надае чалавеку. Вялікі кошт надаецца жыцьцю, і для маіх дзяцей таксама, гэта дае стымул.
Не шкадую, што пераехала, таму што я зрабіла правільны крок, мае дзеці будуць мець лепшую будучыню і проста будуць адчуваць сябе людзьмі”.