Удзельнікі: Янка Запруднік, Ала Орса-Рамана
Зь Нью-Ёрку прыйшла сумная вестка. Ня стала Зоры Кіпель – адной з самых вядомых жанчынаў сярод беларускай дыяспары.
Летась 1 ліпеня сп. Зоры споўнілася 75, а месяцам раней такі ж самы юбілей адзначыў ейны муж Вітаўт. Пра гэтую беларускую сям'ю мы рабілі тады адмысловую перадачу зь іхным удзелам. Сёньняшні выпуск перадачы мы прысьвячаем памяці сп. Зоры Кіпель.
Зора Кіпель, дзявочае імя Савёнак, нарадзілася ў Менску ў 1927 годзе ў сям'і беларускіх нацыянальна сьведамых інтэлігэнтаў. Вось што распавядала пра сваё паходжаньне сп. Зора ва ўспамінах, якія падрыхтавала тады да свайго 75-годзьдзя:
“Дзяды мае з боку маці – дробная беларуская шляхта з Лагойшчыны. Прадзед – Пётра Радкевіч, пасьля паўстаньня 1863 году быў пазбаўлены шляхецтва, бо не захацеў пакланіцца расейскаму цару Аляксандру.
Калі пасьля сьмерці бацькі сыны падзяліліся, мой дзед Язэп Радкевіч пераехаў у Менск у пачатку 20-га ст. і пабудаваў добры дом на ўскраіне Менску, у раёне Залатой Горкі . Мая мама – Апалёнія Радкевіч, калі пайшла ў царкоўна-прыхадзкую школу, у яе ў школьным пасьведчаньні яшчэ стаяла: “Дочь сына бывшего дворяніна”.
Сям’я бацькі – Савёнкі, з нашай славутай Глыбоччыны, салідная беларуская праваслаўная сям’я. У пачатку 1920-х гадоў мой бацька пераехаў у Менск, і там у гэтыя абнадзейваючыя 1920-я гады Савёнкі і Радкевічы пазналіся, у беларускім руху, зразумела, і стварылі першую у нашым родзе сьведамую беларускую сям’ю.
Бацька – журналіст, супрацоўнічаў у газэце “Савецкая Беларусь”, мама – пэдагог-узгадавальнік, працавала зь дзецьмі і моладзьдзю. У гэтай сям’і нарадзілася я. Воля лёсу, больш таго, накіраванасьць зьвяла нашыя сем’і ўжо з другой вельмі падобнай па лёсу сям’ёй Кіпеляў, і гэтак паўстала новая сям’я – Зоры і Вітаўта Кіпеляў”.
Вітаўт і Зора пазнаёміліся яшчэ ў Менску, а потым было выгнаньне, уцякацкія лягеры ў Нямеччыне і падарожжа за акіян – у Амэрыку, дзе асталяваліся назаўсёды. Там жа ў 1956 годзе яны ўзялі шлюб, каб далей праз усё жыцьцё ісьці разам. На той час абодва ўжо мелі дыплёмы выпускнікоў Лювэнскага унівэрсытэту ў Бэльгіі.
Сп. Зора вывучала ў Лювэне хімію, але каб найбольш прадуктыўна працаваць дзеля беларускай справы, яна і Вітаўт скончылі бібліятэчны факультэт амэрыканскага ўнівэрсытэту, і большая частка іх працоўнага жыцьця была зьвязаная з працаю у Нью –Ёркскай публічнай бібліятэцы. Там сп. Зора працавала амаль што да апошніх дзён. Высілкамі сп. Кіпеляў у бібліятэцы быў створаны беларускі аддзел, які па сваіх зборах можа сёньня супернічаць з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі. Творчы тандэм Зоры і Вітаўта Кіпеляў даў беларускай культуры шмат здабыткаў, якія цяжка пераацаніць. Гаворыць вядомы беларускі дзеяч ў ЗША і блізкі сябра сямьі Кіпеляў сп. Янка Запруднік зь Нью-Ёрку:
(Запруднік: ) “Мы страцілі вялікую беларускую патрыётку, шматгадовую працаўніцу, шчырую, высокакваліфікаваную на ніве беларускай культуры. Усё ейнае жыцьцё было аддадзена беларускай культурнай працы. У гэтым сэнсе яна працягвала сямейную традыцыю, ейны бацька быў пісьменьнікам, а маці настаўніцай, якая вельмі шмат папрацавала на ніве беларускай адукацыі.
Я Зору ведаў яшчэ з часоў, калі вучыліся ў Гімназіі імя Янкі Купалы ў Нямеччыне. Мы прайшлі разам шлях праз унівэрсытэцкія гады, праз працу ў Беларускім Інстытуце Навукі і Мастацтва. Яна шмат гадоў працавала ў Публічнай бібліятэцы ў Нью-Ёрку і там заклала асновы беларускай калекцыі. Яна распрацоўвала прынцыпы трансьлітэрацыі і беларускіх назоваў, беларускую бібліяграфію ў сыстэме амэрыканскіх бібліятэкаў. Праца ейная застанецца на доўгія гады і ў форме кніжак, у форме бібліяграфіяў, якія яны з мужам апрацавалі. Памяць пра яе будзе жыць вечна ў беларускай культуры, у справе адраджэньня Беларусі, справе будаваньня вольнай, незалежнай Бацькаўшчыны.
У памяць аб ёй трэба выдаць яе ўспаміны, якія яна пакінула. Зараз апрацоўваецца бібліяграфія беларускіх замежных выданьняў, над якой яна працавала. І самая яе вялікая праца – Ангельска-беларускі слоўнік, які трэба давесьці да канца. Яна ўклала шмат таленту і шмат высілкаў ў падрыхтоўку гэтай манумэнтальнай працы, якую на добры лад павінна была даўно зрабіць Акадэмія навук Беларусі. Але вось малая групка эмігрантаў мусіць пракладаць гэты шлях у беларускім слоўніцтве. Калі гэтая праца будзе завершаная, то гэта будзе выдатны помнік нябожчыцы Зоры Кіпель”.
Ала Орса-Рамана, прафэсар Нью-Ёркскага ўнівэрсытэту, таксама ведала сп. Зору яшчэ зь Нямеччыны.
(Орса-Рамана: ) “Адчуваю вялікі смутак, што яна памерла. Адчуваю вялікую страту і для беларусаў, для беларускага асяродзьдзя ў Амэрыцы, вялікую страту, найперш, як чалавека.
Я ведала Зору большую частку свайго жыцьця. Думаю, што, мачыма, найлепей бачна, якім яна была чалавекам, жанчынаю, калі мы глядзім на ейную цудоўную сям'ю. Яна выхавала двое дзяцей. Высокаадукаваныя дзеці, вельмі прадуктыўныя, вельмі інтэлігентныя і такія самыя шчырыя беларусы, такія, як і яна была.
Яна была вельмі далікатнай жанчынаю, заўсёды ўсім спачувала, імкнулася дапамагчы. Калі ў мяне былі якія-небудзь праблемы, яна ніколі не адмаўляла ў дапамозе.
Што запомнілася. Яна Вітаўта заўсёды называла Вітусь, зь любоўю. У іх было цудоўнае жыцьцё, цудоўная сям'я, і шмат у гэтым якраз было заслугі менавіта Зоры. Незвычайная жанчына!”
У нашых архівах захаваўся запіс зь Нью-Ёркскай студыі Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода пачатку 1964 году, калі Зора Кіпель працавала на нашым Радыё пад псэўданімам Зоя Каліноўская. Маленькія ўдзельнікі перадачы – ейныя дзеці.
(Вядучая: ) “Цяпер Зоя Каліноўская папросіць малых Алеську і Юрачку Кіпялёнкаў з амэрыканскага гораду Пасэйк расказаць нам, дзе яны вучацца ды як правялі калядныя канікулы”.
(Каліноўская: ) “У каторай клясе ты вучышся ў амэрыканскай школе, Алеська?”
(Алеся: ) “ У другой”.
(Каліноўская: ) “А ў беларускай?”
(Алеся: ) “Таксама ў другой”.
(Каліноўская: ) “У беларускай школе якія прадметы выкладаюць?”
(Алеся: ) “Беларускую мову, чытаньне, пісаньне і сьпевы”.
(Каліноўская: ) “А як жа ты правяла калядныя канікулы?“
(Алеся: ) “Я была на ялінцы ў беларускай школе”.
(Каліноўская: ) “А ці ты там выступала?“
(Алеся: ) “Так, выступала ў маленькай п’есе”.
(Каліноўская: ) “А што ты гаварыла?”
(Алеся: ) “А вось што:
Сядзеў цьвіркун на прыпечку,
Іграў цьвіркун у скрыпачку,
Смыкам водзіць ён ля вуха
Разахвоціў нават муху”.
(Каліноўская: ) “А ты, Юрка, у першую клясу ходзіш?”
(Юрка: ) “Так, у першую”.
(Каліноўская: ) “І ты таксама ў пьесе ўдзельнічаў?”
(Юрка: ) “Так, я быў павуком”.
(Каліноўская: ) “А што ты мусіў гаварыць?”
(Юрка: ) “Нічога не гаварыў, толькі на муху глядзеў”.
(Каліноўская: ) “А ты нейкі беларускі вершык ведаеш?”
(Юрка: ) “Так, я ведаю.
У куце сядзіць мядзьведзь
Хустку вышывае,
А лісічка невялічка
Хатку падмятае”.
Пахаваньне Зоры Кіпель адбудзецца 18 красавіка на беларускіх могілках у Нью-Брансьвіку.