Старэйшае пакаленьне беларускага грамадзтва, верагодна, памятае, як пасьля другой усясьветнай вайны ва ўладаў СССР зьявіўся новы вораг, імя якога амаль штодня згадвалася ў прэсе. Імя генэрала Чан Кайшы, лідэра старэйшай кітайскай партыі Гаміньдан, які падчас грамадзянскай вайны ў Кітаі кіраваў змаганьнем супраць улады камуністаў, а пасьля стаў прэзыдэнтам Тайваня, было ў тыя часы сымбалем варожых сілаў, што супрацьстаялі пашырэньню камуністычных ідэяў ў сьвеце.
Наўрад ці ведаў тады хто ў савецкай Беларусі, што лёс сям’і Чан Кайшы аказаўся дзіўным чынам зьвязаным з гэтай далёкаю ад Кітая краінаю. Сёньня мы ўжо свабодна можам гаварыць пра тое, што ягоныя ўнукі маюць у сабе палову беларускай крыві. Іх маці Фаіна Вахрава паходзіць зь сям’і беларусаў, што бежанцамі трапілі на Ўрал падчас першай усясьветнай вайны.
Нарадзілася Фаіна ў 1916 годзе ў Екацярынбургу. Сёлета ёй павінна споўніцца 87 гадоў. Таму найперш нам хацелася высьветліць, ці можам мы сёньня гаварыць пра Фаіну не ў мінулым часе.
У Тайбэі, сталіцы Тайваню, з намі згадзіўся пагутарыць супрацоўнік расейскамоўнай рэдакцыі Міжнароднага Радыё Тайбэя Валянцін Лю, які шмат ведае пра лёс нашай суайчыньніцы.
(Валянцін Лю: ) “Фаіна Іпацьеўна Вахрава жывая, яна жыве ў былой прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі ў прыгарадзе Тайбэя, прыкладна ў 500 мэтрах ад нашай радыёстанцыі.
У яе дрэннае задароўе, таму яна рэдка зьяўляецца на людзях і часьцей за ўсё ў інвалідным вазку. Апошні раз яе бачылі перад тэлевізійнымі камерамі 13 студзеня сёлета на магіле ейнага мужа Цзян Цзінга ў дзень 15-й гадавіны ягонай сьмерці.
Фаіна – Цзян Фанлян не кантактуе са зьнешнім сьветам, да яе не дапускаюць чужых людзей. Нават цяперашні прэзыдэнт Кітайскай рэспублікі , калі быў абраны у 2000 годзе, толькі адзін раз сустракаўся з Цзян Фанлян”.
Цзян Фанлян – кітайскае імя Фаіны, якое яна атрымала пасьля таго, як стала жонкаю старэйшага сына Чан Кайшы – Цзян Цзінга. Яны пажаніліся ў 1935 годзе, калі Цзян Цзінга насіў імя Міколы Елізарава і жыў у Савецкім Саюзе, у тым жа Екацярынбургу, дзе жыла і Фаіна. Лёс беларускай дзяўчыны складаўся напачатку ня вельмі ўдала. Паслухаем далей Валянціна Лю:
(Валянцін Лю: ) “Бацькі яе рана памерлі. Пасьля сьмерці бацькоў яна жыла са сваёй сястрою, якая была старэйшая за Фаіну на 17 гадоў. Яны разам паступілі працаваць на “Ўралмаш”, гэта было ў 1932 годзе. І там жа на “Ўралмашы”, дзе яна працавала токарам, пазнаёмілася з маладым кітайскім хлопцам Міколам Елізаравым. Потым ён зусім нечакана аказаўся сынам Чан Кайшы”.
Цзян Цзінга нарадзіўся ў 1910 годзе, калі ягоны бацька быў яшчэ маладым вайскоўцам, які прымаў самы дзейсны ўдзел у дзейнасьці партыі Гаміньдан і стаў бліжэйшым паплечнікам Сунь Ятсена. У 1925 годзе Чан Кайшы паслаў сына вучыцца ў СССР у адчынены там Унівэрсытэт працоўных Кітаю імя Сунь Ятсена. Калі праз два гады Чан Кайшы распачаў вайну з камуністамі ў Гаміньдане, у Савецкім Саюзе ён быў абвешчаны здраднікам, а ягоны сын стаў закладнікам гэтай драматычнай сытуацыі. Толькі ў 1937 Чан Кайшы ўдалося вызваліць сына і дамагчыся ягонага вяртаньня ў Кітай.
Мікола Елізараў, які на радзіме ізноў стаў Цзян Цзінгам, вярнуўся дахаты з жонкаю Фаінаю і сынам Эрыкам.
Прывыкаць да новых абставінаў беларускай дзяўчыне было не проста. Яна трапіла ў зусім іншы, незнаёмы раней сьвет са сваімі традыцыямі і ўкладам жыцьця.
Маладых, а найперш Фаіну, турбавала пытаньне, як паставіцца да яе сам Чан Кайшы, ці прыме ён выбар сына. Першая сустрэча са свёкрам-генэралісімусам і ягонай жонкаю Сун Мелін, мачыхаю Цзян Цзінга, была кароткаю, але вызначальнаю. Фаіна паводзіла сябе сьціпла, але з годнасьцю і найбольш спадабалася тым, як выявіла ім сваю вялікую павагу: яна паведаміла, што зьяўляецца сіратою і папрасіла іх быць ёй новымі бацькамі.
Празь некалькі месяцаў Чан Кайшы афіцыйна прызнаў Фаіну сваёй нявесткаю. Для гэтага маладая сям’я мусіла яшчэ раз справіць вясельле, але ўжо па кітайскай традыцыі. Сьвёкар асабіста даў Фаіне новае, кітайскае імя – Цзян Фанлян (“цзян” – гэта родавы іерогліф, “фан” – азначае “правільны”, а “лян” – “дабрадзейнасьць”. Новае імя атрымаў і ўнук Эрык – якога дзед назваў Сяовэнем (“сяо”– гэта “павага да бацькоў”, а “вэнь” – адукаванасьць).
Чан Кайшы даў зразумець нявестцы, што яна павінна навучыцца паводзіць сябе, як сапраўдная кітайская жанчына. І Цзян Фанлян усё зрабіла для таго, каб ён быў задаволены. За год яна авалодала кітайскай моваю і з дапамогаю сьвякроўкі засвойвала традыцыі і звычаі сваёй новай радзімы. І з гэтым яна справілася пасьпяхова. Паслухаем Валянціна Лю.
(Валянцін Лю: ) “Фаіна вельмі добра ўпісалася, яе вельмі добра прымалі. Больш за тое, за многія гады жыцьця ў Кітаі яна добра навучылася гаварыць па-кітайску, нават на фудзіянскім, паўднёвым дыялекце, на якім гаворыць большасьць жыхароў Тайваня. Адносіны тайванцаў да яе вельмі добрыя, і нават цяперашні прэзыдэнт, як я ўжо гаварыў, хаця ён і належыць да незалежнай дэмакратычнай прагрэсіўнай партыі, усялякім чынам падкрэсьлівае сваю павагу”.
Першаю ледзі Тайваня Фаіна Вахрава стала пасьля 1975 году, калі ейны муж па сьмерці Чан Кайшы пачаў фактычна кіраваць краінаю.
(Валянцін Лю: ) “Цзян Цзінга, той самы Мікола Елізараў, муж Фаіны, пасьля сьмерці Чан Кайшы стаў прэмьерам, а потым прэзыдэнтам Кітайскай Рэспублікі. На Тайвані ён карыстаецца нават большай папулярнасьцю, чым Чан Кайшы таму, што жыхары Тайваня памятаюць, што калі Чан Кайшы хацеў вярнуцца на мацерыковы Кітай, то Цзян Цзінга сказаў, што ён стаў тайванцам і прыняў рашэньне разьвіваць Тайвань, ён прызнаў, што яго новая радзіма – гэта Тайвань. Ён зрабіў шмат для разьвіцьця Тайваня, і таму да яго ставяцца з павагаю, і да яго жонкі таксама. Нават зараз, праз 15 гадоў пасьля ягонай сьмерці, шмат хто з жыхароў Тайваня ўспамінае пра яго”.
Дзеля ведама нашых слухачоў нагадаем, што Тайвань афіцыйна носіць назву Кітайская Рэспубліка ў адрозьненьне ад мацерыковага Кітаю, дзе была створаная Кітайская Народная Рэспубліка.
Працягваем размову з Валянцінам Лю, супрацоўнікам Міжнароднага Радыё Тайбэя. Сп. Валянцін, якая роля належыць першым ледзі ў тайваньскім грамадзтве, наколькі сама Фаіна ўдзельнічала ў справах мужа?
(Валянцін Лю: ) “Першыя ледзі бываюць рознымі. Скажам, першая ледзі Сун Мелін, жонка Чан Кайшы , была адной з самых папулярных азіяцкіх жанчынаў у сьвеце. На працягу пары дзясяткаў гадоў яна лічылася ў Амэрыцы самай папулярнай азіяцкай жанчынаю. Яна доўгі час жыла ў Злучаных Штатах, цудоўна гаварыла па ангельску, была асабіста знаёмаю з Чэрчылям, Рузвэльтам і многімі іншымі палітыкамі.
Што тычыцца Фаіны, нявесткі Чан Кайшы і жонкі Цзян Цзінга, то яе называлі самай сьціплай першай ледзі Кітайскай Рэспублікі. У першыя гады жыцьця на мацерыковым Кітаі Фаіна актыўна дапамагала Цзян Цзінгу ў працы, але пасьля пераезду на Тайвань у 1949 годзе яна паступова адыйшла ад грамадзкага жыцьця і стала займацца толькі сваёй сям’ёю.
Па ўспамінах сына Фаіны, ужо памерлага, яго маці была родам з беднай сям’і, яна прывыкла да цяжкасьцяў у СССР і таму, нават увайшоўшы ў першае сямейства Кітайскай Рэспублікі, яна не зьмяніла сваіх звычкаў, была вельмі працавітаю, сьціплаю і ашчаднаю. Апошнія паўстагодзьдзя яна фактычна не прымала актыўнага удзелу ў палітыцы”.
Магчыма таму, што Фаіна стала маці даволі вялікай сям’і.
(Валянцін Лю: ) “У яе было трое сыноў, адзін з іх нарадзіўся ў Савецкім Саюзе. Яны ўсе памерлі параўнальна маладымі. Яна перажыла траіх сыноў, дачка жыве ў Амэрыцы”.
Ці займаліся сыны палітычнай дзейнасьцю?
(Валянцін Лю: ) “Яе сыны актыўна не займаліся палітыкаю, хаця і займалі высокія пасады. Напрыклад, адзін зь яе сыноў некаторы час на Міжнародным Радыё Тайбэя, супрацоўнікам якога я зьяўляюся, займаў пасаду дырэктара. У тыя часы радыёстанцыя належала да міністэрства абароны. Гэта даволі высокая пасада”.
А ці ёсьць унукі?
(Валянцін Лю: ) “Унукі ёсьць ад сыноў і ад дачкі, нямала ўнукаў. Частка зь іх жыве на Тайвані, частка ў Злучаных Штатах”.
Сп. Валянцін паведаміў, што яны таксама не зацікавіліся палітычнай дзейнасьцю?
(Валянцін Лю: ) “Ніхто зь іх не бярэ актыўнага ўдзелу ў палітыцы, тым больш, што Гаміньдан, былая кіроўная партыя, да якой належалі Чан Кайшы і Цзян Цзінга, муж Фаіны, цяпер знаходзіцца ў апазыцыі”.
Сп. Валянцін, ці падтрымлівала Фаіна нейкія кантакты з выхадцамі з былога СССР, якія жывуць на Тайвані, ці памятае яна пра свае карані?
(Валянцін Лю: ) “Я думаю, што яна памятае. У апошнія 10-20 гадоў яна ні разу не сустракалася зь землякамі. Але яна ўжо ў пажылым узросьце, і нейкія непасрэдныя ўспаміны, якія могуць быць выкліканы сустрэчамі з суайчыньнікамі, могуць быць непажаданымі для яе здароўя”.
Ці ваша рэдакцыя давала ў сваіх праграмах інфармацыю пра лёс Фаіны Вахравай?
(Валянцін Лю: ) “Канечне, таму што лёс Фаіны цікавіць нашых слухачоў. Жыцьцё яе вельмі загадкавае. Жыцьцё Фаіны часта параўноўваюць зь лёсам самотнай бярозкі, якая вырасла ў бамбукавым гаі. Пра яе пішуць кнігі, артыкулы. Напрыклад, у 1996 годзе у кнізе вядомай тайваньскай журналісткі, напісанай на кітайскай мове, былі выкарыстаныя ўспаміны яе сына Дзян Сяоюня, ужо памерлага. Думаю. што большая частка загадкавага жыцьця Фаіны Вахравай, ці Цзян Фанлян па-кітайску, застаецца ўсё ж невядомай для зьнешнягя сьвету”.
У гэтым лёгка выяўляюцца тыповыя беларускія рысы характару Фаіны – сьціпласьць, замкнёнасьць, нежаданьне выяўляць перад іншымі свае пачуцьці. Але падобна, што такім самым сьціплым па характару быў і муж Фаіны. Пасьля ягонай сьмерці яна аказалася амаль бяз сродкаў для жыцьця. Цзян Цзінга, адзін са стваральнікаў і прэзыдэнт краіны з залатавалютным запасам у 40 млрд. даляраў, ня меў ніякай уласнасьці, нават уласнага банкаўскага рахунку. Ён не пакінуў сваёй сям’і ніякай прыватнай спадчыны.
(Валянцін Лю: ) “Так, нават быў створаны спэцыяльны фонд пры партыі Гаміньдан для падтрымкі сям’і Цзян Цзінга. Пасьля сьмерці прэзыдэнта аказалася, што ягоная сям’я ня мае дастатковых сродкаў для існаваньня. Былі выдзеленыя спэцыяльныя сродкі з касы кіроўнай тады партыі Гаміньдан”.
Але пасьля пасьля сьмерці другога прэзыдэнта Тайваню засталася незалежная краіна, дзе могуць годна жыць ягоныя дзеці і ўнукі зь беларускімі каранямі. Сёньняшні Тайвань – гэта краіна ўсеагульнага дабрабыту, якую удалося пабудаваць Чан Кайшы і ягонаму сыну Цзян Цзінга на адной асобна ўзятай выспе:
(Валянцін Лю: ) “Тайвань – гэта дэмакратычная, мірная, квітнеючая краіна. Калі вашыя слухачы пажадаюць даведацца больш падрабязныя зьвесткі пра Тайвань, я магу рэкамендаваць слухаць праграмы нашай радыёстанцыі. У сёньняшні момант гэта кароткія хвалі – 9955 кГц з 17.00 да 18.00 UTC на частаце 11935 кГц с 13.00 да 14.00 UTC нас можна знайсьці ў Інтэрнэце па адрасу: www.cbs.org.tw. На нашых старонках вы знойдзеце самыя падрабязныя зьвесткі пра Тайвань і ў тым ліку пра Цзян Цзінга і Фаіну Іпацьеўну Вахраву – вашую суайчыньніцу”.