Стаўленьне беларускай дыяспары ў Расеі да прэзыдэнцкіх выбараў.

Ганна Сурмач, Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Сапраўднай сэнсацыяй чэрвеня стала заява двух сьледчых, якія займаліся справай зьнікненьня апэратара Зьмітра Завадзкага, пра тое, што ў Беларусі на дзяржаўным узроўні створана групоўка, якая займалася выкраданьнем і зьнішчэньнем людзей. У камэнтары да гэтай заявы 11 чэрвеня журналіст ОРТ Павал Шарамет сказаў нашаму Радыё наступнае: “На мой погляд, гэта вельмі і вельмі дакладная інфармацыя. Такія групы створаныя. Я ведаю, што адна з такіх групаў прыехала ў Маскву, каб працаваць зь беларусамі, якія зараз жывуць у Маскве і якія могуць мець стасункі з апазыцыяй у Беларусі”.

Як бачым, змаганьне рэжыму за захаваньне ўлады напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, выходзіць за межы краіны. Гэткім чынам беларуская дыяспара становіцца рэальным чыньнікам палітычнай барацьбы на Бацькаўшчыне.

Якую пагрозу для рэжыму могуць уяўляць сабой беларусы Масквы і чаму менавіта яны могуць быць небясьпечныя для Лукашэнкі? З гэтым пытаньнем мы зьвярнуліся да старшыні “Міжрэгіянальнага аб’яднаньня беларусаў Расеі” Генадзя Леха.

(Лех: ) ”Я хачу сказаць, што Шарамет – чалавек дасьведчаны і што гэтай інфармацыі можна даць веры. Гэта зьвязана з тым, што сапраўды ў Маскве і ў Расеі жыве досыць шмат уплывовых беларусаў, якія маюць фінансавыя магчымасьці і якім не абыякавы лёс сваёй Бацькаўшчыны. Гэта розныя людзі, з рознымі палітычнымі поглядамі, з рознымі меркаваньнямі. Ім хочацца пераменаў у Беларусі, у тым ліку палітычных. Я ведаю, што ў колах у дыяспары ідзе абмеркаваньне сытуацыі ў Беларусі. Людзі думаюць, як ім паўплываць на лёс Беларусі.
Лукашэнку таксама, ягоны рэжым хвалюе, каб гэтыя людзі, а ён іх ведае, не ўмяшаліся ў беларускія справы і не перашкодзілі яму абрацца на новы тэрмін.

У Расеі ўсё мяняецца, і стаўленьне да самога Лукашэнкі мяняецца. Адчуваецца, што сучаснае расейскае кіраўніцтва ўжо не настолькі моцна любіць Лукашэнку, як папярэдняе і, напэўна, жадае яго замены на больш, скажам, прывабную кандыдатуру для расейскага кіраўніцтва, больш спакойную і прадказальную, гэта з аднаго боку. А з другога боку, мае значэньне, што розныя палітычныя кланы ў Расеі па рознаму глядзяць на Беларусь. Кагосьці гэта ўвогуле не хвалюе, а ў іншых ёсьць палітычнае і эканамічнае зацікаўленьне, асабліва ў нафтавых, газавых, лясных і іншых баронаў, якія выкарыстоўваюць беларускі транзыт для экспарту сваёй прадукцыі”.

(Карэспандэнт: ) “Як Вы лічыце, ці можа трапіць пад увагу такой групы, калі яна сапраўды існуе, менавіта вашая арганізацыя, што апазыцыйна настроеная супраць рэжыму Лукашэнкі і выступае за дзяржаўную незалежнасьць Беларусі?”

(Лех: ) “Такая ўвага можа быць. Пакуль што мы нічога не адчулі. Трэба сказаць, што ў Расеі тут хапае сваіх “адмарозкаў”, але гэта не прафэсіяналы. Безумоўна, тое, што зь Беларусі могуць быць прафэсіяналы, трохі і палохае нас. Але мы любім сваю Радзіму”.

(Карэспандэнт: ) “Сп. Алег, ці можа гэтая інфармацыя ўплываць на удзел маскоўскіх беларусаў у зьезьдзе беларусаў сьвету, што мае неўзабаве адбыцца ў Менску?”

(Лех: ) “Праблема ўжо ёсьць. Я размаўляў з шэрагам асобаў, якія зьбіраліся ехаць на зьезд з Масквы, гэта ўплывовыя людзі, і многія перадумалі, або вагаюцца, ехаць ці не. Да таго ж хачу сказаць, што беларуская амбасада ў Маскве, яе прадстаўнікі адгаворваюць прадстаўнікоў беларускай дыяспары ўдзельнічаць у гэтым зьезьдзе. Яны выяжджаюць у рэгіёны Расейскай Фэдэрацыі, дзе ёсьць суполкі, таксама кантактуюць па тэлефоне і настойліва, настойліва адгаворваюць”.

(Карэспандэнт: ) “Такім чынам, апрацоўка расейскіх беларусаў ідзе з розных бакоў...”

(Лех: ) “Але, сытуацыя выглядае неадназначнай. Адна справа – выступаць супраць Лукашэнкі і спрыяць зьменам у Беларусі, а другая справа – дапамагаць Расеі прывесьці да ўлады ў Менску свайго стаўленьніка..

Адпаведна сёньня беларуская грамада ў Маскве падзелена на дзве плыні. Першая – “незалежнікі”, што выступаюць супраць далучэньня да Расеі, яе прадстаўляе Міжрэгіянальнае аб’яднаньне беларусаў Расеі. Другая – гэта тыя людзі, большасьць зь якіх належыць да так званых “інтэгратараў”, якія жадаюць адхіленьня дыктара ад улады, але з захаваньньнем Беларусі ў полі інтарэсаў Расеі”.

З просьбаю пракамэнтаваць сытуацыю мы зьвярнуліся да журналіста Віктара Дзятліковіча, супрацоўніка маскоўскага тэлеканала ТВ-6.

(Дзятліковіч: ) “Я б сказаў, што праблема ня ў тым, што нейкія беларусы ў Расеі будуць падтрымліваць апазыцыю. А праблема ў тым для Лукашэнкі, што беларусы ў Расеі, нейкія ўплывовыя, могуць падтрымаць іншых альтэрнатыўных кандыдатаў.

Сапраўды, ў Расеі ёсьць выхадцы зь Беларусі, зацікаўленыя ў замене Лукашэнкі, але, найверагодней, што яны падтрымаюць прарасейскую альтэрнатыву Лукашэнку. Ёсьць нейкія выключэньні, але для нас яны не найлепшыя, напрыклад, дырэктар маскоўскага заводу “Рубін” Анатоль Лашкевіч, адзін зь лідэраў у мінулым камуністычнай партыі Беларусі.

Шмат беларусаў у Маскве з нармалёвымі дзяржаўніцкімі беларускімі поглядамі. Гэта найбольш маладыя людзі, якія зьехалі ў Маскву цягам апошніх 3-5 гадоў. Гэтыя людзі ад 20 да 30 гадоў, яны яшчэ не набралі таго статусу, таго ўзроўню ў расейскім грамадзтве і ва ўласным жыцьці, каб нейкім чынам з Масквы дапамагаць беларускай апазыцыі ў Беларусі. Гэта, па-мойму, лепшая частка беларускай дыяспары ў Маскве, але, на жаль, яна ня можа ўплываць на сытуацыю ў Беларусі і ня можа дапамагаць апазыцыі.

Тая частка беларускай дыяспары ў Маскве, якая мае ўплыў на ўладу, якая мае пэўныя грошы, гэта збольшага беларуская партыйная ці уладніцкая намэнклятура, якая зьехала ў Маскву значна раней і таму яна не прытрымліваецца беларускіх дзяржаўніцкіх поглядаў. І вось гэтыя людзі, калі захочуць, яны могуць дапамагаць нейкім праціўнікам Лукашэнкі, Але гэта дапамога людзей, якія сыходзіць не зь беларускіх інтарэсаў. Гэта людзі, якія апошнія 15-20 гадоў пражылі ў Маскве, і для іх беларускія нацыянальныя інтарэсы амаль што пусты гук. Калі яны ўвязваюцца ў палітычную барацьбу, то зь якой мэтаю? Цяжка ўявіць сытуацыю, калі сядзіць нейкі былы партыйны намэнклятуршчык зь Беларусі ў Маскве, а ў Беларусі набліжаецца прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, і раптам яму ў галаву стукне, што трэба адстаяць незалежнасьць Беларусі, трэба ж карыстацца гэтым момантам. Больш рэальна ўявіць іншую сытуацыю, калі гэты чалавек сядзіць і раптам выбары, ён кажа сабе: “Вось, гэтую сытуацыю я магу скарыстаць з нейкай выгодай для сябе. Я магу падняць свае стаўкі ў Маскве, я магу там працягнуць свайго чалавека, я магу параіць нейкім сваім людзям у Маскве паставіць вось на гэтага кандыдата, калі ён выйграе, я буду з гэтага мець нейкія выгоды”.

(Карэспандэнт: ) “Сп. Віктар, Вас трэба разумець так, што менавіта гэтыя людзі ўяўляюць рэальную пагрозу для Лукашэнкі?”

(Дзятліковіч: ) “Мне падаецца, што не, таму што калі б яны ўяўлялі – гэта было б заўважна. Да апошняга часу ў іх існавала абсалютная ўпэўненасьць у тым, што Лукашэнка пераможа і няма ніякіх іншых варыянтаў. Яны ня бачылі іншага кандыдата і яны, зразумела, не хацелі падтрымліваць дэмакратычнага кандыдата, і яны ня бачылі іншых кандыдатаў. Зараз за тры месяцы да выбараў яны, здаецца, убачылі гэтага кандыдата, гэта – Машэрава. У расейскіх, напрыклад, сродках масавай інфармацыі таксама такое уяўленьне, што ўсё – як толькі Машэрава пачала балятавацца, то яна стала найбольш рэальным праціўнікам Лукашэнкі. Яны заўважылі гэтую фігуру, яны заўважылі магчымасьць перамагчы, але, па-мойму, гэта ўжо занадта позна. І таму для Лукашэнкі яны ўяўлялі б нейкую небясьпеку, калі б яны пачалі варушыцца год назад, нават 8-9 месяцаў таму”.

(Карэспандэнт: ) “А што ў такім разе Вы думаеце пра заяву Паўла Шарамета аб засылцы ў Маскву групы для нэўтралізацыі праціўнікаў Лукашэнкі?”

(Дзятліковіч: ) “Я б не прымаў заяву Шарамета як дадзенасьць, я прымаю гэта як вэрсію. Наўрад ці ўсё ж такі ў Расеі дзейнічае такі “эскадрон сьмерці”, будзем яго так называць, таму, што Лукашэнка да апошняга часу ня бачыў небясьпекі для сябе з боку маскоўскіх беларусаў і зараз на гэтым этапе ён ня будзе дзейнічаць, мне падаецца, такімі мэтадамі, як у Беларусі, таму, што ў яго ёсьць іншыя магчымасьці. У яго ёсьць магчымасьці дамаўляцца з вышэйшым расейскім кіраўніцтвам. Да таго ж я б не пераацэньваў гэты фактар, што Расея быццам бы не падтрымлівае Лукашэнку. Ня бачна па расейскіх тэлеканалах, што Расея займае антылукашэнкавую пазыцыю.
І яны, я не думаю, што сур’ёзна ўспрымаюць такую верагоднасьць, што Лукашэнка пашле ў Маскву забойцаў, каб іх нэўтралізаваць. Для іх не ўяўляецца гэта сур’ёзнай небясьпекаю, таму для іх няма пытаньня – удзельнічаць у выбарах тым ці іншым чынам ці не ўдзельнічаць толькі таму, што Лукашэнка неяк на гэта можа адрэагаваць. Для іх – адзінае пытаньне, ці варта ўдзельнічаць у гэтых выбарах, ці ёсьць магчымасьць перамагчы. Вось зараз яны адчулі, што нейкая мізэрная, мінімальная магчымасьць ёсьць і яны, мабыць, заварушыліся. Але, заварушыліся такім чынам, што яны дзейнічаюць толькі ў якасьці пасярэднікаў паміж нейкімі прарасейскімі кандыдатамі і расейскай уладаю альбо расейскімі грашыма”.