Корбан Зьміцер


Корбан Зьміцер. Вучыцца ў БДУ на факультэце радыёфізыкі і электронікі. Захапляецца кампутарамі. Любіць фантастыку. Вельмі крытычна ставіцца да сябе, змагаецца ў сваім характары з “абломаўшчынай”. Нядаўна сустрэў дзяўчыну, якая, па ягоным ўласным прызнаньні, дапамагае яму ў гэтым. Зараз яны разам займаюцца ў Беларускім калегіюме, выучаюць журналістыку. Але перакананы, што самая цікавая навука – кібэрнэтыка.

(Корбан: ) “Я яшчэ са школы адчуваў, што ў мяне цяга да матэматыкі, фізыкі. Потым я паступіў у ліцэй пры БДУ. Больш дакладна мая спэцыялізацыя называецца фізычная электроніка, вучуся я зараз на кафэдры кібэрнэтыкі.

Разумееце, узровень нашай адукацыі, ён, канечне, адпавядае сусьветным узорам, але, як заўсёды бывае, тое, аб чым ты марыш, і тое, што аказваецца, яно не зусім супадае.

Але я задаволены, што трапіў на гэтую кафэдру і на гэты факультэт. Увогуле, я не магу канкрэтна зараз сказаць, чым буду займацца пасьля ўнівэрсытэту, таму што я па жыцьці такі чалавек, што ня вельмі задумваюся аб тым, што будзе ў будучыні. Як кажуць, жыву адным днём. Як атрымаецца...

Напэўна, я б нічога не зьмяняў. Мне падабаецца жыць так, як я жыву. Магчыма, я б нешта памяняў у сваім характары. Гэта адзінае, што мяне не зусім задавальняе. Ён мне падчас нагадвае нешта “абломаўскае”. Хацелася б мець больш мэтаў у жыцьці. А калі браць нешта больш глябальнае, то я б пражыў усё сваё жыцьцё так, як пражыў.

Акрамя фізыкі, я шмат часу займаюся з кампутарамі. Чытаю. З апошняга, што мне спадабалася, гэта два украінскія пісьменьнікі, якія разам пішуць пад псэўданімам Генры Лайн Олды. Гэта нешта падобнае на “фэнтазі”, але на самой справе больш сур’ёзная літаратура. Раней я займаўся настольным тэнісам, валейболам, але зараз неяк не атрымоўваецца. На самой справе часу хапае, гэта тое, аб чым я ўжо гаварыў – “абломаўшчына”...

Напэўна, я недзе ў сярэдзіне. Я не магу назваць сябе ні аптымістам, ні пэсімістам. Проста да некаторых рэчаў я стаўлюся як аптыміст, да некаторых – як пэсыміст.

З апошніх падзеяў у маім жыцьці я б адзначыў тое, што тры месяцы таму я пазнаёміўся са сваёй дзяўчынай Тацянай. Гэта ў некаторым сэнсе зьмяніла маё жыцьцё, і я спадзяюся, што яшчэ зьменіць у будучыні”.