Павал Каралёў


Павал Каралёў, 21 год. Вучыцца ў Беларускім нацыянальным унівэрсытэце культуры на кафэдры музэязнаўства. Узначальвае гісторыка-краязнаўчае таварыства “Этна”.

(Каралёў: ) “Мяне цікавяць не самі музэі, а цікавіць гісторыя. Гісторыя, якая падаецца там. І таму, у першую чаргу, калі я выбіраў – куды ж далей ісьці, у які накірунак… Дык аказалася, што гэта будзе накірунак гісторыі, накірунак культуры. Вось. Менавіта больш за ўсё паўплывала ў школе, гэта, канечне, гісторыя Беларусі. Такая цікавая, таямнічая. Зь легендамі, з паданьнямі…

Зараз сытуацыя даволі цяжкая. І даволі цяжка і жахліва ўсё гэта назіраць. І становішча з мовай, і становішча з культурай. Са спадчынай. Таму, што шмат робім вандровак па Беларусі. І, канечне, можам бачыць у якім стане знаходзяцца шматлікія помнікі архітэктуры. Ну, у прынцыпе, гэта датычыцца ўсяго нашага жыцьця. Аднак, на мой погляд трэба самымі лепшымі, самымі аптымістычнымі думкамі ісьці наперад. Таму, што зараз паступова, паступова зьяўляюцца людзі, якія разумеюць культуру, якія стараюцца гэтую культуру перадаваць астатнім. І такім чынам проста зьяўляюцца людзі, якія больш і больш размаўляюць па-беларуску. Вось гэта вельмі радуе, і таму, у першую чаргу, трэба са спадзяваньнем глядзець у будучыню. Што ўсё ж такі, празь нейкі час можна будзе бачыць зусім іншыя абставіны, іншую карціну.

Таварыства “Этна” БДУ Культуры было створана 15 красавіка 2003-га года. Аднак дзейнасьць ужо мае даволі шырокі спэктар падзей, і даволі шырокую дзейнасьць мы вядзем. Ну, па-першае, ладзім шэраг вандровак па мясьцінах Беларусі, па помніках. Цэрквы, касьцёлы, замкі, гарадзішчы. Акрамя таго вядзем пэўныя дзеяньні па аднаўленьні і захаваньні нашай архітэктурнай спадчыны. Намі быў зроблены збор подпісаў за кансэрвацыю Крэўскага замку. Дарэчы, гэта была тысяча подпісаў, і ў нас ёсьць жаданьне і пэўныя магчымасьці… Мы думаем улетку наладзіць саму кансэрвацыю Крэўскага замку. Ёсьць пэўныя дамовы, і таму ў гэтым накірунку мы будзем зараз працаваць.

Я бачу сваю будучыню ў межах менавіта гэтай краіны. Менавіта ў межах Беларусі. Таму, што гэта радзіма. Гэта радзіма, зь якой зьвязана ўсё. Зьвязаны сябры, зьвязаны думкі, зьвязаны пачуцьці. Вось. І таму кудысьці зьязджаць, ці кудысьці накіроўвацца… У першую чаргу тыя ж думкі будуць зноў жа зьяўляцца пра Беларусь. І на мой погляд трэба проста займацца добрай справай, трэба паступова, паступова адраджаць, аднаўляць гэтую краіну менавіта знаходзячыся тут”.