Тацяна Сьветашова


Тацяна Сьветашова, студэнтка другога курсу філялягічнага факультэту БДУ. Піша вершы, друкуецца – увайшла ў “Анталёгію маладога вершу”. Захапляецца інтэлектуальнымі гульнямі, сябра Беларускай лігі інтэлектуальных каманд “Што? Дзе? Калі?” Вывучае чэскую мову. Займаецца на адзьдзяленьні журналістыкі ў Беларускім калегіюме.

(Сьветашова: ) “Тацяна Сьветашова: – Мой выбар вызначыла тое, што мне вельмі падабаецца паэзія. Я сама займаюся паэзіяй, літаратурай, таму я вырашыла паступіць на філялягічны факультэт. Безумоўна, на філфаку вельмі шмат працуе і вучыцца такіх асобаў, зь якімі цікава мець зносіны, і я атрымліваю вельмі шмат цікавых новых ведаў. Ні для каго не сакрэт, што ў нас выкладае старшыня Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Алесь Пашкевіч, таму там віруе жыцьцё літаратурнае. Яшчэ я наведваю аб’яднаньне “Літаратар” пры Саюзе пісьменьнікаў Беларусі, якое ўзначальвае Алесь Масарэнка, і мая творчая асоба разьвіваецца менавіта там.

Аднойчы, калі мы зьбіраліся выдаваць зборнік “Анталёгія маладога вершу”, Алесь Масарэнка мяне папрасіў прынесьці беларускія вершы. А я тады яму не прызналася, што ў мяне беларускіх вершаў і няма. І літаральна за тыдзень у мяне, як кажуць, пайшло: я ў мэтро, у тралейбусе, у трамваі, паўсюль – пісала па-беларуску: я пачала размаўляць па-беларуску, думаць па-беларуску. Гэта вельмі маё жыцьцё зьмяніла. І гэты зборнік выйшаў, і ў ім надрукаваныя мае тыя самыя творы...

Ёсьць у мяне вельмі шмат твораў на беларускай мове, на расейскай, і нават празаічных, але ж, як заўсёды, матэрыяльныя праблемы. А зборнік ужо падрыхтаваны ёсьць...

Я пачытаю беларускі верш з анталёгіі. Няма ў яго назвы.

Я малюю паветра на вакне запацелым.
Я малюю кастрычнік у вечаровай самоце.
Каляровыя плямы ліхтаровых сузор’яў,
Стужкі стомленых вуліц пад далонямі дахаў.
Я малюю, як горад апранаецца ў восень,
У кастрычніцкі смутак і ў пажоўклае лісьце.
Засумую таксама, уздыхнуўшы між волі,
Сапсаваўшы малюнак на вакне запацелым...

Я сваім жыцьцём задаволеная, але адзінае, што мяне не задавальняе – што ў сутках толькі 24 гадзіны, і што я вельмі шмат часу аддаю вучобе, і таму на асабістае жыцьцё ў мяне часам не хапае часу...”