Андрэй Несьцяровіч


Андрэй Несьцяровіч, берасьцеец, 19 гадоў. Вучыцца ў польскім горадзе Познань на стаматоляга. Пайшоў па сьлядох бацькоў, якія па прафэсіі стаматолягі. Любіць падарожнічаць, праваслаўны вернік. Марыць адкрыць у Беларусі сваю прыватную практыку.

(Несьцяровіч:) “Заўсёды кажуць так, што трэба ісьці да таго, хто справу добра робіць. Таму найлепшая рэкляма, калі нехта пайшоў, яму добра зрабілі, і ён кажа ўсім, што мне там добра зрабілі, тады ўсе туды ідуць. Калі там, напрыклад, зрабілі нядобра, той чалавек ніколі не параіць, каб туды ішлі. Таму, мне здаецца, што гэтая канкурэнцыя (бо ёсьць шмат кабінэтаў), яна крыху зьменшыць іхную колькасьць. Ёсьць сапраўды сярод іх людзі, якія ня ўмеюць гэта рабіць – лячыць зубы. Шмат хто карыстаецца старым багажом ведаў. Тым, што некалі атрымаў у інстытуце, а потым не дасканаліўся. Напрыклад, на вёсцы гэта часта здараецца.

Мой бацька мне калісьці распавёў такую гісторыю. У яго ёсьць прыяцель, які працуе ў ДАІ. Той мае сына, якому бацька арганізаваў вучобу ў Англіі, у Оксфардзе. Сын скончыў вучобу, тэлефануе бацьку і кажа, што хоча вярнуцца. Маўляў, лічу, што там дзе ты нарадзіўся, там і мусіш жыць. Той бацька ледзь інфаркт не атрымаў, бо ведае, што і як, што няма пэрспэктываў. Ня ведаю што гэта ў моладзі: рамантызм ці максымалізм, ці штосьці новае народжваецца ў нашай беларускай рэчаіснасьці.

Хоць ведаю шмат прыкладаў, калі людзі ня хочуць вяртацца, ужо відаць, што яны застануцца ў замежжы. Асабліва гэта датычыць дзяўчынаў. Прыяжджаюць у асноўным каталічкі. Ім тут нават лягчэй выйсьці замуж, чым у нас у Беларусі. напрыклад, у Берасьці каталікоў ня шмат. Можа яшчэ таму, што ў Беларусі цяпер сапраўды няма пэрспэктывы. Можа, дзяўчына гэта падсьвядома адчувае, што нараджаць у такіх умовах цяжка.

Ёсьць людзі, якія ідуць у царкву, і ўжо ня хочуць грашыць. А другая частка працягвае жыць, як жыла, і ня хоча гэтым нават цікавіцца. Відаць, што яны глядзяць на тых, хто ходзіць у царкву, як на іншых.

Сытуацыя, мне здаецца, будзе мяняцца да лепшага. будзе мяняцца, але не вядома калі. Зьмяняюцца пакаленьні, зьмяняецца мэнтальнасьць, моладзі ўжо не патрэбнае, што было патрэбнае нашым бацькам. Гэтая камуністычная мэнтальнасьць ужо не прыжывецца. Таму што быў 1991 год, 1994... Моладзь памятае. Назад дарогі няма. Будзе іншы кірунак, але ня той, што быў. Да лепшага зьмены павінны адбыцца".