Ася Юшчук


Ася Юшчук, 16 гадоў, нарадзілася ў сям’і беластоцкіх беларусаў, дзе акрамя яе растуць яшчэ дзьве малодшыя дзяўчынкі, скончыла ў Беластоку гімназію і працягвае вучыцца далей.

(Юшчук: ) "Я вучуся ў першай клясе ліцэю, там я буду вучыцца тры гады. Хачу дастаць на студыі, маю надзею ў Кракаўскім унівэрсытэце. Я цікаўлюся біялёгіяй і хіміяй, я хачу вывучаць арганізм чалавечы.

Беларускай мове я навучылася ў пачатковай школе, у сям’і я гавару па-беларуску з бацькам. Мой бацька адвакат, таксама ён займаецца тым, каб беларускія дзеці, якія жывуць тут у Польшчы, далучаліся да беларускай культуры і звычаяў.

Я таксама займаюся танцамі і вельмі гэта люблю. Я танцую самба, чача, румбу, таксама вальсы, танга, квікстэты, трохі ведаю беларускія танцы. Яшчэ ў нас ёсьць тэатральны гурток, там маем беларускі тэатр, мы прадстаўляем розныя сцэны. Туды ходзяць шмат дзяцей, хто хоча вучыцца беларускай мове і хоча пазнаць беларускі тэатар.

Мы вельмі хочам паехаць у Беларусь, яшчэ я не была ў Беларусі, але маю надзею, што паеду.

У нас у Беластоку ёсьць конкурс "Роднае слова", чытаем беларускія вершы і атрымліваем узнагароды, вельмі ўсім падабаецца. Я выйграла ўжо гран-пры, першае месца. Мы сьпяваем песьні, але найбольш сьпяваем калядкі, маем сустрэчы калядныя і там вельмі многа сьпяваем і іграем.

Мне вельмі падабаецца мая культура, беларуская культура. Мае сястрычкі таксама вельмі цікавяцца беларускай культураю. Я чытаю "Ніву", стараюся ўсю чытаць. Чытаю кніжкі беларускія".