Андрэй Кастусёў


Андрэю Кастусёву 15 гадоў, ён вучыцца ў 10-й клясе сярэдняй школы № 1 горада Шклова. Увесь свой вольны час хлопец праводзіць на стадыёне, фізычная культура – ягонае галоўнае захапленьне. Андрэй яшчэ ня вырашыў, якой прафэсіі ён будзе навучацца пасьля школы, аднак зараз яго больш за ўсё прыцягвае геаграфія.

(Кастусёў: ) “Я задаволены сваім жыцьцём. У мяне добрыя бацькі, яны з павагай ставяцца да мяне. У мяне добрая сям’я, у школе вучаць добра. У мяне шмат сяброў. Усё ў маім жыцьці добра.

Мае сябры больш размаўляюць на расейскай мове, а дома з татам я больш размаўляю па-беларуску. У школе таксама вучаць беларускай мове. У мяне дома шмат беларускіх кнігаў беларускіх пісьменьнікаў. Мне падабаецца беларуская мова. Я буду карыстацца беларускай мовай у сваім жыцьці.

У сваім жыцьці я хацеў бы, каб у школе было меней урокаў. У нас вельмі шмат урокаў і 10-бальная сыстэма – вельмі цяжкая. А ў жыцьці сваёй краіны я б хацеў, каб усе людзі больш працавалі, а не гаварылі, што яны дрэнна жывуць.

Посьпех, я лічу, прыносіць толькі цярпеньне, праца. Трэба добра вучыцца, а не захапляцца дрэннымі звычкамі. У мяне ёсьць шмат прыкладаў, калі алькаголь і наркотыкі псуюць усё жыцьцё, і чалавек перастае быць чалавекам.

Трэба менш гуляць, больш вучыцца, каб атрымаць добрую адукацыю. Нічога не баяцца, быць самастойным. І ўрэшце быць шчасьлівым у Беларусі.”