Алесь Адамковіч, 25 гадоў, жыве ў Вільні. Родам ён з Шаркаўшчынскага раёну, належыць да рыма-каталіцкай царквы і наведвае службы на беларускай мове ў касьцёле на Зарэччы. Ягоная сям’я мае беларускія і літоўскія карані, так што Алесь лічыць сябе прыналежным да абодвух народаў. Ён пераехаў у Вільню не выпадкова, бо менавіта ў гэтым горадзе спалучаюцца дзьве блізкія яму культуры.
(Адамковіч: ) “Тут нарадзіліся мае продкі. Дзед паходзіць менавіта зь Віленшчыны, ён літовец па нацыянальнасьці. Тут як бы адчуваеш сябе адначасна і беларусам, і летувісам. Гэта горад розных культураў, розных народаў і ўсё сплялося ў адзінае.
Вільня – гэта наша адвечная сталіца, беларускі Ерусалім. Тут ёсьць беларускі дух, тут жыве Беларусь. Нават калі размаўляеш па-беларуску, цябе разумеюць, у адрозьненьне ад Менску, тут на цябе не глядзяць, як на нейкага ворага.
Зараз я тут навучаюся ў Віленскім унівэрсытэце на факультэце славянскіх моваў. Я паступіў ў 2002 годзе. Цяпер на другім курсе.
Пакуль што яшчэ дакладна не абраў кірунак, але на сёньняшні дзень думаю, што буду хутчэй за ўсё займацца славянскай філялёгіяй, буду вывучаць, як узьнікалі гэтыя мовы, як разьвіваліся, што зь імі адбывалася. Літоўскую мову яшчэ толькі вывучаю, сам, самастойна.
Яшчэ мяне вельмі вабіць краязнаўства, таму вельмі шмат часу праводжу ў архіве гістарычным і зьбіраю матэрыялы пра Беларусь і пра асобныя мястэчкі.
У газэту "Рунь" я зараз даслаў артыкул пра беларускага сьвятара – ксяндза Бобіча, які быў ведамы, як і беларускі пісьменьнік Пётра Просты. На жаль, гэтае імя сёньня забытае, выкрасьленае зь гісторыі Беларусі. Гэта быў чалавек вельмі адукаваны, доктар філязофіі, у свой час вучыўся ў Рыме, у Папскім унівэрсытэце. Заснаваў і выдаваў у Вільні першую беларускую каталіцкую газэту "Беларус". Таксама выдаў шмат кніг, асабліва па тэалёгіі і зь перакладамі літургічных тэкстаў на беларускую мову.
Нечым мяне вабіць журналістыка, нечым грамадзкая дзейнасьць.
Беларускі рух у Літве раз'яднаны. Я нават сам не магу зарыентавацца, куды мне ісьці, да каго і з кім. У чым прычыны раз'яднаньня? Большасьць беларускіх суполак у Літве працуе зь беларускай амбасадаю, гэта не сакрэт ні для каго. Адна ці дзьве толькі зьвязаныя зь беларускім адраджэнскім рухам. Я хацеў бы менавіта з гэтымі быць, з сапраўднымі беларускімі арганізацыямі.
Можа некалі вярнуся ў Беларусь. Мне хацелася б вярнуцца ў Беларусь, а ня ў Северо-западный край”.