Андрусь Сяркоў, 19 гадоў. Студэнт другога курсу БДУ. Будучы гісторык. Захапляецца сучаснай рок-музыкай. Любімы гурт – Pink Floyd. Чытае ў асноўным гістарычную і навукова-папулярную літаратуру (на мастацкую літаратуру, па асабістым прызнаньні, часу не стае). Лічыць, што шмат нашых праблемаў і бедаў – ад экалягічнай непісьменнасьці.
(Андрусь Сяркоў: ) “Захапляюся я экалёгіяй і краязнаўствам. У нас ёсьць невялікая студэнцкая групоўка, суполка па інтарэсах. І асноўнай мэтай нашай дзейнасьці мы ставім прабіцьцё, скажам так, муру экалягічнай несьвядомасьці беларускай моладзі. І нашая мара – выданьне газэты. Уся нашая практычная дзейнасьць скіраваная менавіта на гэта. Выданьне падобнага накладу, падобнага зьместу ня вельмі накладнае для нас у грашовым пытаньні. Робім гэта на “вокліч сэрца”, на ўласныя сродкі, бо лічым, што гэта нашая задача.
Напэўна, будзе банальна скардзіцца на благую экалёгію, на Чарнобыль і гэтак далей... Проста ёсьць нейкая спадчына, спадчына яшчэ савецкая – у стаўленьні да прыроды, спажывецкія такія адносіны да прыроды. І ня створаная яшчэ навучальная база для моладзі. Моладзь патрабуе простай, нескладанай і цікавай інфармацыі. Гэтага яшчэ пакуль няма. Прадмет экалёгіі ў школе, у ВНУ – проста сумны. Нецікавыя заняткі, напоўненыя нецікавай тэрміналёгіяй. Мы спрабуем на нашым узроўні, узроўні такога звычайнага маладзёна, патлумачыць чалавеку, што трэба рабіць, а што ня трэба рабіць у паўсядзённым жыцьці. Ёсьць некаторыя праблемы ў нашым жыцьці, і так мы іх імкнемся вырашаць – проста на вырашэньні дробных пытаньняў: што я магу зрабіць, каб вакол мяне было лепей. Кожны з нас здольны зьмяняць рэчаіснасьць вакол сябе. А калі мы здольныя сказаць “так” альбо “не”, безумоўна, нашая думка паўплывае на тыя падзеі, якія вакол нас адбываюцца.
У прынцыпе сабой і сваім жыцьцём я задаволены. Хочацца, можа, пазбаіцца сваіх асабістых недахопаў, заганаў – быць больш працаздольным, не ляніцца час ад часу. Я думаю, усё будзе добра... Прынамсі, у мяне дакладна.
Калі ёсьць нейкая праблема – трэба імкнуцца не перакладаць яе на плечы нейкага іншага чалавека, а імкнуцца рабіць гэта ў сваім жыцьці, не даючы нейкіх рэкамэндацыяў глябальных, а проста вырашаць свае ўласныя праблемы. І ўсё будзе добра.