Віталь Лебядзеў


Віталь Лебядзеў зь Пінску. Працуе юрыстам у банку. Захапляецца гістарычнай літаратурай. Прызнаецца, што ў музыцы ня мае сталых прыхільнасьцяў.

(Лебядзеў: ) "Я ня буду арыгінальным, калі скажу, што сваім жыцьцём незадаволены. Па-першае, мяне як маладога спецыяліста не задавальняе, што ў Беларусі няма магчымасьці зарабіць грошы для нармалёвага жыцьця. Мне трэба ўжо ствараць сваю сям’ю, хутка буду клапаціца аб дзецях, жонцы. Зараз мы не атрымліваем тыя сродкі, якія б забясьпечвалі нармалёвае чалавечае жыцьцё. Таму на сёньняшні момант я не магу ў поўнай ступені быць упэўненым у будучыні.

Я бы ў сваім жыцьці хацеў зьмяніць шмат рэчаў. Штогод жыцьцё нашае становіцца ўсё больш шэрым: не адчуваецца радасьці й аптымізму, людзі ўсе ходзяць злыя. Таму я хацеў бы зьмяніць умовы жыцьця.

У сваім жыцьці я баюся трох рэчаў: гэта няпэўнасьць, здрада, а яшчэ я баюся да канца расчаравацца ў людзях, якія жывуць у Беларусі.

Шчасьлівым у Беларусі можна быць. І не абавязкова зьяжджаць ў іншыя краіны, каб нечага дасягнуць. Шмат хто кажа, што трэба шмат працаваць. Трэба актыўна ўдзельнічаць ў грамадзкім і палітычным жыцьці Беларусі, каб зьнізу, не чакаючы, пакуль упадзе нейкая манна нябесная, варушыць нашыя ўлады, каб яны стваралі ўмовы для лепшага жыцьця. Каб людзі былі ў адносінах паміж сабою больша адкрытыя, больш шчырыя. Каб не было ў Беларусі паняцьця “мая хата з краю, і мне нічога ня трэба.” На жаль, зараз гэта вельмі распаўсюджана. Я лічу, што з-за гэтага шмат нашых бедаў, што людзі ня могуць аб’яднацца вакол нейкай ідэі.

Але я лічу, што трэба ня толькі працаваць. Трэба яшчэ яднацца і адчуваць сябе адным цэлым, адным народам. Тады мы будзем будаваць дабрабыт, як у сваёй уласнай хаце. А калі мы будзем паасобку, можам шчасьця і не стварыць. Кожны тады будзе шчасьлівы па-свойму, а супольнага шчасьця можа і не атрымацца.

Мой рацэпт, як дасягнуць посьпеху: трэба любіць сваю Радзіму, любіць людзей, якія вакол нас, быць добрым сябрам. Калі ў цябе шмат сяброў, мяркую, што посьпех будзе. Я па жыцьці апітыміст, таму скажу, што трэба спадзявацца на лепшае. Бо калі мы будзе пэсымістамі, я не думаю, што ў нас можа нешта атрымацца.

Каб пазьбегнуць памылак, трэба азірацца, бо нехта ўжо рабіў тыя памылкі. І па-просту ня трэба іх паўтараць.

У мяне вялікім аўтарытэтам карыстаецца мая бабуля. Гэта мой самы добры, шчыры й каханы чалавек, ад якога я пераняў ўсё тое добра, што ёсьць ува мне."