Дар’я Несьцярэнка з Наваполацку. Дар’і 16 гадоў, яна вучыцца ў 11-й клясе сярэдняй школы. Яна актыўна вучыць замежныя мовы й захапляецца тэатрам, наведваючы драматычны гурток. Апрача таго, Дар’я вывучае фальклёр і чытае маладую беларускую паэзію. Лепшым паэтычным зборнікам апошніх дваццаці гадоў яна ўважае «Кроў на сумётах» Сержука Сокалава-Воюша.
(Несьцярэнка: ) "Ці задаволеная я сабой? Канечне ж, не. Чаму? Па-першае, я эмацыйны чалавек і часам не магу суняць нэрвы, ад чаго пакутую сама і пакутуюць людзі навокал. Па-другое, я ня надта арганізаваная. Ну, вядома, у мяне ёсьць прымітыўны плян дзеяньняў, але кожны дзень уносіць свае карэктывы. Калі-некалі проста нічога ня хочацца рабіць, а іншым разам адразу хапаешся за некалькі справаў. Пасьпееш, не пасьпееш - як атрымаецца. Зробіш штосьці ня так, а потым сама сябе ня любіш з-за таго ўчынку. А яшчэ не люблю сваёй нерашучасьці.
Што да ўласнага жыцьця, дык яно мяне пакуль што не расчаравала. А што да жыцьця наагул, дык тут ёсьць свае мінусы. Адзін зь іх - гэта абыякавасьць людзей да таго, што адбываецца навокал. І «навокал» - зусім не азначае «сьвет» ці «краіна». Гэта могуць быць і простыя школьныя справы. Што да краіны, дык цяпер зноў вучаць -- што добра, што дрэнна, дзе трэба каго падтрымаць, а дзе зьняважыць...
Што б хацела зьмяніць у сабе? Хочацца стаць больш упартай; паставіўшы перад сабой мэту (зараз мэта -- паступіць у ВНУ) і ісьці да яе. Хачу больш часу аддаваць таму, што істотна ў жыцьці і найбольш патрэбна ў дадзены момант. Апошняе, што хачу сказаць, гэта тое, што трэба быць асобай і мець уласную індывідуальнасьць. Не спрабуйце быць на некага падобным - у вас гэта ніколі не атрымаецца. Лепш адшукаць штосьці такое, да чаго горнецца душа і паспытаць шчасьця там. І, галоўнае, не сядзець на месцы, склаўшы рукі: ніхто нам не дапаможа, апрача нас саміх. Быць «шэрай мышкай» проста, але ці варта?"