Сяргей К.


Сяргей К., 19 гадоў. Ураджэнец Крупак. Сёньня шараговец беларускага войска. Інтэрвію даў на полі Аршанскай бітвы, падчас бардаўскага фэсту, дзеля якога самавольна пакінуў частку. Таму прасіў не называць ягонага прозьвішча. Любіць беларускую песьню, але ня любіць гаўпвахту.

(Сяргей: ) “Зараз я праходжу тэрміновую службу ў войсках РАВ. Гэта ракетна-артылерыйскія войскі. Хутка "дзембель". Засталося тры месяцы.

Я вучыўся ў Коледжы электронікі на Казінца ў Менску. А пасьля пайшоў у армію, бо трэба ж свой грамадзянскі доўг выконваць каму-небудзь.

Служба – гэта такая справа, што, па-першае, шмат чаму можна навучыцца. Гэта стрымліваць сябе, падпарадкоўвацца людзям, якія вышэй за цябе ідуць, паважаць старэйшых, і шмат чаго яшчэ. Для маладых людзей гэта вельмі патрэбная рэч – армія. Таму, што вучыць жыцьцю.

Там такая ж атмасфэра, як і ў жыцьці. Як ты сябе пакажаш, так да цябе і будуць ставіцца. Канечне, бываюць там гэтак званыя "нестатутныя ўзаемаадносіны". Прыходзіцца абыходзіць закон крыху. Але, як кажуць, раней што было, такога цяпер няма зусім.

Ну, у нас прыкол быў такі. Лістаноша пайшоў па пошту. Было даволі горача так. І ён пайшоў на рэчку скупнуцца крыху. І яму прапанавалі крыху выпіць. Ну дзе салдат адмовіцца? Тым больш, што так цягне. Ну ён не ўтрымаўся. Потым яго шукалі. Ён пайшоў дзесьці ў гадзін дванаццаць дня папошту. А гадзіне сёмай вечара мы яго толькі знайшлі. У кустах п’янага.

Напрыклад, у нас такі ёсьць прыкол. У нас начальнік заходзіць, і кожны раз так кажа: “Ага!” Бывае больш старэйшыя жаўнеры любяць паляжаць пазьней крыху ў ложках, чым маладзейшыя хлопцы. Усё-ткі больш праслужылі ўжо. Прыкалваюцца так. Заходзяць. “Ага!” І адразу ўсе падскокваюць, блін…

Беларускай мовы мала зусім. Я вось, напрыклад, да арміі заўсёды размаўляў на беларускай мове. Калі я прыйшоў туды, прыйшлося зноў пераходзіць на расейскую. Там за такім не глядзяць. За такімі рэчамі. Там глядзяць у асноўным за тым, каб усё было нармалёва і жыцьцё ішло па ўставу.

Мая зараз вялікая мара – гэта пасьля арміі дапамагчы сваім бацькам. Каб яны змаглі жыць добра. Таму, што яны на мяне спадзяюцца. Ня ведаю, як у мяне гэта атрымаецца. Але я спадзяюся, што ў мяне атрымаецца гэта добра. Каб я мог падтрымўваць іх. Вось, гэта мая асноўная мара цяпер.