Аляксандра Казлоўская


Аляксандра Казлоўская, 21 год. Студэнтка 5 курсу факультэта журналістыкі БДУ. Аляксандра – сапраўдны паліглот, валодае ангельскай, швэцкай, польскай і францускай мовамі. Захапляецца ўсходнімі адзінаборствамі, мае жоўты пас па джыу-джытсу. Вельмі любіць беларускі жывапіс пачатку 20-га стагодзьдзя. Любімы пісьменьнік – Уладзімер Караткевіч. Аляксандра актыўна працуе ў розных сродках масавай інфармацыі.

(Казлоўская: ) "Мне давялося папрацаваць крыху і на тэлебачаньні, і на нашым радыё, пабачыць, як працуюць нашы людзі ў газэтах. Мне хацелася бы сказаць нашым спадарам-журналістам, паколькі яны часам слухаюць свабоднае вольнае радыё: каб яны больш ляяльна ставіліся да маладых, да тых, хто прыходзіць, да тых, хто хоча штосьці рабіць. Вядома, што там ёсьць нейкія мэтры, карыфэі... Але ж нейкая маладая думка, людзі, якія думаюць па-іншаму – гэта вельмі патрэбна, гэта вельмі добра, калі ў грамадзтве ёсьць такія людзі. Калі ласка, Вы, тыя, хто старэйшыя, паслухайце нас, маладых: можа, нешта падасца вам такім нават дурным, можа, нецікавым нават. Але паслухайце, што кажуць гэтыя людзі. Яны кажуць часам добрыя рэчы!

Чаму такі крык? Так, у мяне была такая сытуацыя, калі мяне проста не заўважалі. Прыходжу ў рэдакцыю, кажу: я хачу папрацаваць. Можа, хачу камусьці нешта параіць нават. Стаіць такі сталы тэлевізыйшчык, як у нас кажуць, “зубр”, стаіць, здымае штосьці. Я яму раю: давай здымем яшчэ тое, тое і тое. Ён кажа: “Ты, зялёная дзяўчынка, што ты яшчэ можаш? Я ведаю сам, што я хачу зьняць”

Тут патрэбна знайсьці нейкую залатую сярэдзіну: крыху таго, крыху таго. Атрымаецца, можа, больш смачны пірог з гэтага ўсяго... Калі маладосьць, яе энэргію, яе смак да жыцьця неяк скампанаваць з гэтым вопытам, атрымалася б, па-мойму, вельмі цікава.

Я скажу, што я не задаволеная сваім жыцьцём. Мне здаецца, што маё жыцьцё – яно яшчэ не жыцьцё. Я ня ведаю сапраўднага жыцьця яшчэ. Я змагу сказаць, задаволеная я сваім жыцьцём ці не, калі мне будзе гадоў 60 ці 70, калі яно будзе ўжо пройдзенае. Таму трэба жыць, каб зьведаць смак гэтага жыцця. Я хачу жыць, хачу нешта рабіць, хачу проста... жыць!

Часам мне здаецца, што я хацела б зьмяніць усё ў сваім жыцьці. Усё, што ў ім ёсьць – мой зьнешні выгляд, працу, месца жыхарства. Хочацца зьехаць з адной кватэры і жыць у іншым месцы. Ну не магу я сядзець на адным месцы! Хочацца зьмяніць усё: абстаноўку, і нават часам сябе.

Ці хочацца “зваліць” адсюдь? Часам здаецца і так. Але што значыць - “зваліць”? Зваліць і ніколі ня бачыць потым гэтай краіны? Не. Мне здаецца, я б хацела працаваць дзе-небудзь у Парыжы, у Вене, у Празе, атрымоўваць добрую зарплату, але жыць у Беларусі, удома. Каб было многа грошай. Ну, вядома, усе хочуць жыць дастойна. А што рабіць, калі не атрымоўваецца жыць дастойна ў нашай краіне? Можа, нешта і можна зрабіць. Але ж пакуль я ня бачу сябе тут... Я хачу жыць тут, а працаваць – там... Як гэта магчыма? Знаходзіцца праца дзесьці там. Канечне, патрэбна вывучаць замежныя мовы, трэба рухацца, трэба знаёміцца зь людзьмі, каб не трапіць у нейкую непрыемную сытуацыю, бо там мы безабаронныя людзі, там ніхто нас не чакае, на самой справе. Але калі ты прыяжджаеш за мяжу, атрымоўваеш там працу, атрымоўваеш працоўную візу, ты там працуеш, атрымоўваеш грошы. Але там, у той краіне, гэта грошы можа нават і невялікія. Так часам робяць, я нават ведаю некаторых людзей, якія так робяць.