Мікола Арцюхоў, 24 гады, жыве ў Менску. Ён – парафіянін залатагорскага касьцёлу Сьвятога Роха. Актыўны ўдзельнік усіх грамадзка-палітычных падзеяў, якія адбываюцца ў краіне. Кажа, што з-за гэтага пазбавіўся асноўнага месца працы і ня можа працаўладкавацца надалей, хоць і мае вышэйшую адукацыю. Гаворыць Мікола Арцюхоў.
(Арцюхоў: ) “Працую рознарабочым. На жаль, згубіў працу за ўдзел у мясцовых выбарах. У мяне была такая размова з “шэфам”: давай, маўляў, выбірай – альбо выбары, альбо праца. Я напісаў заяву, што не хачу жыць ў такой краіне. Зразумела, што трэба зьмяняць людзей, іхную сьвядомасьць, але з пустога месца нічога ня зьменіш. Самае ўплывовае – гэта тэлебачаньне. Таму трэба, каб былі адпаведныя адукацыйныя, гістарычныя, культурніцкія праграмы. А хто гэта вызначае? Улады нашыя, урад. Ды не рупіцца ўрад пра беларускае: зачыняюцца беларускія садкі ды школы. А што такое беларускае? Гэта сьвядомасьць і псыхічнае здароўе нацыі. Трэба маліцца за нашыя ўлады, каб яны ня толькі зьнішчалі беларускае, але можа неяк дадумаліся і захоўваць гэта, і адраджаць. Тое, што я магу, я раблю на культурніцкай ніве. Вось трымаю ў руках беларускія калыханкі, выдадзеныя маімі сябрамі й якія, у прыватнасьці, запісала арганістка Вольга Паўлоўская. На жаль, яна пакінула гэтую краіну й зьехала ў Італію. Будзем рабіць беларускія сьпеўнікі, прынамсі, адраджаць у сваім асяродку. А свой асяродак пазьней пашырыцца і на іншыя. Будзем і адукацыйныя праграмы распрацоўваць. Я, найперш, арыентуюся на каталіцкую моладзь, бо сам каталік. А вера – гэта рухавік, мая сьвядомасьць. Калі аднойчы пасьля мітынгу мяне забралі ў пастарунак, я сказаў ім там, што мне ўсё роўна, ці буду я сядзець у турме, ці дзе яшчэ. Бо я ведаю, што я раблю слушна, і што я – з Богам. А вы – бяз Бога. Вы – бязбожнікі. І гэтым усё сказана. Сіла духа – яна й ёсьць сіла духа. Моладзь, шаноўная. Не сядзіце на месцы, аб'ядноўвайцеся. Ёсьць такая моладзевая арганізацыя “Хаўрус сяброў”, якая перадусім лучыць каталікоў. Давайце разам нешта рабіць. Ёсьць адмысловы сайт: ZMK.by.ru. І часам мы жартуем – купляй Расею.”