Ірына Пярвойкіна


Ірына Пярвойкіна, 18 гадоў, з Жодзіна. Сябруе з эколягамі, хоча мець дзьве гуманітарныя адукацыі. Любіць пачуцьцё любові да жыцьця. Хоча працаваць зь людзьмі. Марыць аб'ехаць усю Беларусь.

(Пярвойкіна: ) "Мне нават трошкі сорамна: я не была нідзе, акрамя нашай сталіцы. Бо толькі ў гэтым годзе я неяк адарвалася ад сваіх бацькоў. А зь імі ў нас ніякай асьветніцкай праграмы не было. Таму я пра штосьці ведаю па кніжках, малюнках. І хацелася б убачыць гэта сваімі вачыма.

Я скончыла сярэднюю школу, паступала, але не паступіла. Спрабавала ў БДУ на палітоляга, таксама буду спрабаваць у наступным годзе. Мне найбольш падабаюцца тыя людзі, зьвязаныя з паліталёгіяй. Яны болей цікавыя, яны як асобы нешта ўяўляюць. Увогуле, гэта ня справа майго жыцьця, бо я жадаю мець адукацыю палітоляга, каб павысіць свой разумовы ўзровень. Мне вельмі падабаецца не як прафэсія, а як лад жыцьця, праца псыхоляга. І гэтую адукацыю я магу атрымаць толькі ў Менску як другую вышэйшую. Сам унівэрсытэт знаходзіцца ў Піцеры, а ў нас ёсьць толькі філія.

Мне вельмі падабаецца грамадзянская дзейнасьць. Падабаецца менавіта праца зь людзьмі, з масамі. Хочацца нешта зрабіць для Беларусі, асабліва, калі адчуваеш у сабе сілу нейкую. Я ўпэўненая, што застануся ў Беларусі. Мабыць, я буду дзесьці вандраваць, набываць вышэйшую адукацыю, нейкія стажыроўкі будуць, але асноўная мая праца будзе абавязкова ў Беларусі.

Зьмена грамадзтва залежыць ад узроўню тых людзнй, якія прыходзяць у гэтае грамадзтва. Ад агульнага чалавечага ўзроўню. Менавіта тых людзей, якія прыходзяць да ўлады. Бо, зразумела, што ўлада - гэта ня вельмі чыстая справа, але ж, на колькі павінны быць сталы чалавек моцным, каб вытрымаць гэта. Каб быць прыкладам, мець стрыжань нейкі ўнутры сябе.

Я вельмі люблю кантактаваць зь людзьмі. Асабліва зь людзьмі, якія ці то маюць пэўны патэнцыял у разьвіцьці, ці то ўжо нечага дамагліся. Яшчэ люблю спазнаваць нешта новае. Але я думаю, гэта любіць шмат людзей. Люблю хадзіць пешшу, гэта спрыяе для роздумаў. А музыку люблю клясычную. Я ва ўсялякіх плынях пабывала, але ўраслася мне ў сэрца клясыка.

Наагул люблю зьмены, люблю жыцьцё. Гэтае пачуцьцё калі-некалі зьнікае. А цяпер яно ўмяне зноў узрасло. Я называю гэта ўнутранай гармоніяй".