Аляксей Вальчук – cябра рыцарскага клюбу “Вялікае княства”. Захапляецца гісторыяй, літаратурай, беларускім рокам. Піша вершы. Але свой далейшы шлях зьвязаў з радыёэлектронікай: Аляксей – студэнт Менскага радыётэхнічнага каледжу.
(Вальчук: ) “Спачатку быў выбар паміж праграмаваньнем і непасрэдна маёй спэцыяльнасьцю – гэта праектаваньне, вытворчасьць і выпрабаваньне радыётэхнічных сродкаў, і чамусьці ў мяне душа была больш схільная да сродкаў радыёэлектронных. Я лічу, что менавіта гэтая спэцыяльнасьць будзе запатрабаваная ў нашым ХХІ стагодзьдзі.
Увогуле, захапленьняў шмат, захапляюся гісторыяй, літаратурай, Таксама зьяўляюся сябрам рыцарскага клюбу “Вялікае княства” , адсюль і цікавасьць да гісторыі. Захапляюся электроннымі гульнямі, слухаю музыку. Чытаць падабаецца гістарычныя раманы, безумоўна, можна для душы пачытаць якое-небудзь “фэнтазі”, навуковую фантастыку. А слухаць – рок, стары добры рок., сачу за падзеямі ў беларускай музыцы.
Цалкам жыцьцё мяне задавальняць, канечне, ня можа, хацелася б дзесьці лепей, дзесьці штосьці выправіць, але я жыву няблага.
А нешта зьмяніць? Пакуль малады, узьнікаюць час ад часу нейкія фінансавыя праблемы, хацелася б паезьдзіць па сьвеце, павандраваць, але не заўсёды гэта атрымоўваецца.
А тое, што мне не падабаецца ў жыцьці, можна выказаць такім вершам...
Складана знайсьці сваё мейсца ў сьвеце...
Падобна далёкай касьмічнай камэце
Мы імчым па бязьмежнай жыцьцёвай прасторы,
І хоць бы на час прыпыніўся каторы...
Каб стаць, адпачыць ды назад азірнуцца,
Ад летаргічнага сну каб прачнуцца,
У які ён трапляе пад уплывам грамадзтва
Навінаў, газэтаў, псэўдамастацтва...
Что валяць і валяць штодня без упынку,
Няма галаве ад іх адпачынку...
Замбуюцца людзі праз тэлеэкраны,
Ня скардзяцца болей пра лёс свой паганы.
Ім трэба, каб толькі шчэ гора ня стала.
А тое, што мова, культура сканала
Іх больш не турбуе. Набіць толькі страўнік.
А хто ўзгадае пра тое – той здраднік.
Прадаў за мяжу ён сябе за грошы
Няма ў іх веры гэтакай вошы,
Бо так “Панарама” пра гэта казала,
“Рэспубліка” шмат пра гэта пісала,
Казаў гэтак сам народны любімец,
Яшчэ і даў ён народу гасьцінец:
Падвысіў заробак, ды ўсім па рублі
Затое ж цяпер ты яго не крані...
Не йснуе нідзе такога на сьвеце,
Суседзі таксама хацелі бы меці.
Ды дадзены скарб нам, дакладней калі -
Мы самі з гразі яго паднялі...
Шкада, што бачаць гэта адзінкі.
Няспынна бягуць наперад гадзінкі,
Якія назад ты ня вернеш ніколі.
А зь імі ўсё меней робіцца волі.
Счасьлівымі будуць мо нашыя дзеці
Складана знайсьці сваё мейсца ў сьвеце.
Вершы я пішу ўж гады два. Пішу пра тое, што прыходзіць у галаву. Ёсьць вершы, я б сказаў, дзіўныя, ёсьць вясёлыя, ёсьць сумныя, як гэты. Тэмы нараджаюцца пад уплывам якіх-небудзь уражаньняў.
Безумоўна, шчасьлівым у гэтай краіне быць можна. Я веру, што ўсё ж такі мы зажывем так, як хочацца нам, як трэба. І ўсё залежыць ад моладзі. У Ніла Гілевіча ёсьць вельмі добры верш “Беларускай моладзі” . Я лічу, што ўсё будзе залежыць ад моладзі.