Рыта Гаціх вучылася і працавала ў Полацкім унівэрсытэце, аднак некалькі гадоў таму лёс яе нечакана зьмяніўся. Цяпер яна эмігрантка і ладзіць новае жыцьцё ў чужой краіне.
(Гаціх: ) "Жыву я ў Чэхіі, у невялікім мястэчку Лыса над Лабам недалёка ад Прагі. Нядаўна у нас з мужам нарадзілася дачка, назвалі мы яе Паўлінка. Адчуваньні былі такія зьмешаныя. Гэта і радасьць, а з другога боку і крыўдна, што я мусіла зьехаць далёка ад Беларусі і нарадзіць сваё дзіця ў чужой краіне. Я мусіла зьехаць разам са сваім сябрам, цяпер ужо з маім мужам, калі там у яго былі вялікія праблемы па палітычных праблемах, і ён мусіў ад'ехаць за мяжу, а я прыехала сьледам. Тут мы ўжо пабраліся шлюбам, муж на дадзены момант атрымаў палітычны прытулак.
У Беларусі я скончыла гістарычны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Па заканчэньні я працавала выкладчыкам катэдры культуралёгіі і сусьветнай літаратуры таго ж унівэрсытэту і вучылася ў асьпірантуры пры ўнівэрсытэце культуры. Па прыездзе ў Чэхію, як толькі я крыху вывучыла мову, вырашыла працягваць тут вышэйшую адукацыю і пайшла вучыцца на доктарскую ступень Карлаўскага ўнівэрсытэту, на факультэтце этналёгіі.
У Чэхіі мне падабаюцца самія людзі, шмат такіх шчырых людзей, адкрытых, заўсёды нечым дапамогуць, парадзяць. Няма такога страху, як у Беларусі, няма такой скаванасьці.
Тут памятак гістарычных вельмі шмат. Мяне, як гісторыка, больш за ўсё цікавіць духоўная культура, традыцыі, звычаі, народная культура. Заўсёды стараюся пайсьці на нейкае сьвята. У нас у мястэчку нядаўна былі ўшанаваньні графа Шпорка. Гэта граф, якому ў фэадальныя часы належала мястэчка, кожны год у ягоны гонар людзі ладзяць вялікае сьвята.
Можа быць я трохі ідэалізую, але мы б хацелі ў Карлаўскім унівэрсытэце на філялягічным факультэце адчыніць катэдру беларусітыкі. Ёсьць даволі шмат маладых чэхаў, якія цікавяцца Беларусяй. Можа быць, калі скончу свае доктарскія штудыі, магчыма нешта ўдасца стварыць. А калі не, то буду выхаваньнем дзіцяці займацца, гэта таксама будучыня. Мы нашу дачку будзем вучыць роднай мове".