Марыя Юхнэль (20 гадоў), родам з Гарадзеі. Вучыцца на геаграфічным факультэце БДУ. Кар’ера настаўніцы яе не палохае. Акрамя геаграфіі, Марыя зь дзяцінства любіць свой край. Яшчэ школьніцай езьдзіла ў Менск, каб паўдзельнічаць ў палітычных маніфэстацыях.
(Юхнэль: ) “Я езьдзіла на ўсе гэтыя Маршы Свабоды. Там былі такія, не зусім прыемныя моманты. Сутычкі зь міліцыяй і ўсё такое, але ж… Ну, было. У мяне сьвядомы бацька. Маці таксама сьвядомая, хоць яна з Расеі. Беларускую ідэю не сказаць, каб падтрымлівае. Але разумее, што ў нашай краіне трэба нейкія перамены.
На мітынгі я ўжо больш не хаджу таму, што так разумею, што ў гэтым няма асаблівага сэнсу. Я б туды хадзіла, калі б я бачыла, што з гэтага нешта атрымаецца, што там не хапае менавіта мяне, што там гэта ўсё нечым скончыцца і што будуць нейкія вынікі, а ня проста, што я прыйшла, потым мы ўсе пайшлі на плошчу Бангалор і так усё добранька. Пакрычалі, пакрычалі, і пайшлі дамоў. Не, гэта не для мяне.
Тое, што выкладаюць у БДУ, гэта не зусім тое, што я любіла. Шмат там непатрэбнага. А так я чытаю шмат. Я люблю Кізі, люблю Маракамі. Можа, людзі лічаць, што гэта папса. Я ня ведаю. Японскі добры пісьменьнік, мне падабаецца. Ну, Караткевіча я ў дзяцінстве ўсяго прачытала. Я чытаю больш сур’ёзныя кніжкі. Яшчэ таксама чытала раней Хэмінгуэя, Рэмарка, але гэта ўсё прачытанае даўно.
Па сваёй групе бачу, што амаль усе яны ня любяць Лукашэнку. Але ж іх вельмі лёгка запалохаць. Усе ў нас хадзілі, галасавалі на гэтых выбарах. Нас там прымушалі. Ну я ім казала, што з вамі, людзі, нічога страшнага такога ня зробяць. Але ўсе пайшлі, як адзін, толькі адна дзяўчына не пайшла. Нашыя людзі яшчэ вельмі несвабодныя душой. Відаць, што заслугоўваюць, тое і атрымліваюць, нават маладыя. Маладых трэба вось… Ну, я ня ведаю, што трэба тут зрабіць, каб маладыя скінулі зь сябе вось гэта… Я заўсёды такая была. І ў школе таксама мяне прымушалі і ў піянэры ісьці, яшчэ некуды. Я заўсёды гэта ігнаравала і сваім прыкладам паказвала, што нічога са мной за гэта не адбываецца. Ну, некаторыя гэта зразумелі.
Што б хацелася? Хацелася, каб аднойчы нашы людзі зразумелі, што ня ўсё так дрэнна, што ўсё залежыць менавіта ад нас, і ні ад каго іншага.
Раней, калі ў мяне быў большы аптымізм, калі я верыла ў сьветлую будучыню, у мяне часта былі такія задумы, размаўляць зь сябрамі па-беларуску. Але ж сябры ніколі не адказвалі. І гэта вельмі складана ў такім асяродзьдзі размаўляць па-беларуску. Гэтыя мае беларускамоўныя дні былі вельмі нешматлікія. А цяпер нешта няма аптымізму, ведаеце. Трэба, каб нешта здарылася”.