22-гадовая гарадзенка друкуецца ў мясцовай прэсе пад псэўданімам “Тарэса Базылевіч”. Напісала кароткае дасьледваньне пра журналісцкую творчасьць Джорджа Оруэла, займалася перакладамі з польскай і ангельскай.
Журналісцкі дыплём у яе амаль у кішэні, але пакуль яна болей прысьвячала сябе грамадзкім справам. Пад час падрыхтоўкі да мінулых прэзыдэнцкіх выбараў працавала ў Сямёна Домаша. Тарэса супрацоўнічала таксама з “Ратушай”.
(Т.Базылевіч:) “У сем гадоў я навучылася друкаваць на машынцы. Мне вельмі падабалася гэта рабіць, я брала розныя дзіцячыя кнігі і перадрукоўвала зь іх тэксты. І яшчэ выдавала сваю хатнюю газэту. А ўсё таму, што я нарадзілася ў сям’і журналіста. Вельмі часта наведвала рэдакцыю, бачыла рэдакцыйную кухню. Цяпер журналісцкая прафэсія вельмі папулярная на Захадзе і ў нас, я лічу, таксама. Многія пісьменьнікі таксама займаліся журналістыкай. Асабліва мне цікавая творчасьць Оруэла. Свае творы ён друкаваў сам на машынцы, бо жыў на закінутым востраве, куды не хацела прыяжджаць машыністка. Мне вельмі падабаюцца ягоныя эсэ пра Ангельшчыну і ангельцаў, і я таксама хацела бы ў падобным ключы напісаць пра беларусаў.
Мяне зьдзіўляе, што ў нас лічаць, быццам журналісцкай працай можа займацца любы чалавек. Але існуюць такія паняткі, як стылістыка тэксту, як жанравая палітра. Таму я лічу, што журналіст абавязкова павінен мець сур’ёзную прафэсійную падрыхтоўку. Чытаючы газэты, а таксама беларускія вэбсайты, я бачу жудаснае мноства памылак ня толькі ў стылістычнай пабудове сказаў, таксама ўжываюць няслушныя канчаткі ў словах, шмат палянізмаў, асабліва ў недзяржаўнай прэсе, якая выходзіць у сталіцы. Мне гэта вельмі добра відаць, бо я жыву на Гарадзеншчыне і ведаю польскую мову.
Я вельмі люблю свой горад, люблю старыя вуліцы і разьмеранасьць жыцьця, якая тут адчуваецца, асабліва пасьля наведваньня сталіцы, дзе заўсёды нясецца натоўп, усе занятыя, дзе хутка, імкліва ідзе жыцьцё. У нас людзі ходзяць па вуліцах значна павольней. Часта чуецца, як час адлічвае гадзіньнік на Фарным касьцёле, гадзіньнік—адзін з самых старых у Эўропе. Я, дарэчы, хаджу ў касьцёл на беларускую імшу.
Мне падабаюцца кавярні і кава. У Горадні, праўда, няшмат месцаў, дзе вараць добрую каву. І каштуе яна даволі дорага, ня кожны студэнт можа сабе яе дазволіць. Цікава, што беларусы п’юць вельмі мала кавы.
Таксама я вельмі люблю жывёлаў, асабліва катоў. Маю свайго сыямскага ката Базыля і вельмі шкадую бадзячых катоў ды сабак. У нас у двары жыве руды кот, і мы заўсёды яго кормім. Ёсьць такая песьня польскага гурта Lady Pank з словамі: Dobry badz dlia zwiezrat, oni tez kochac ciebie chca.—Будзь добрым для зьвяроў, бо яны таксама хочуць цябе любіць”.