Натальля Еліна


Натальля Еліна (26 гадоў), родам зь вёскі, але ўжо на працягу 6 год жыве ў Менску, працуе прыбіральшчыцай. Калі была маленькая, марыла стаць акторкай, хацела здымацца ў кіно. У вольны час з захапленьнем чытае байкі Крапівы і ходзіць на дыскатэкі.

(Еліна: ) “Я думаю, нялёгка жыць у Беларусі, бо моладзі нашай трэба працаваць, працаваць і вучыцца адначасова. Асабліва таму, хто без ніякай дапамогі, бо самім трэба выкараскацца з гэтага становішча. Асабіста я сваім жыцьцём ня вельмі задаволена. Становішча ў мяне ня зь лепшых. Працую ў комплексе “Журавінка” прыбіральшчыцай у офісных памяшканьнях. Заробак не адпавядае, каб было харошае жыцьцё.

Скончыла я ПТВ-11, вучылішча тэкстыльнікаў, ад Камвольнага камбінату. Калі я працавала на заводзе, то іншы раз замест грошай заробак давалі пражай. Таму ня вельмі мне падабалася гэтая праца. Ня было грошай. Потым я ўладкавалася на працу ў магазіне, але ж там заробак таксама быў невялікі.

Хацелася бы знайсьці якого-небудзь мужчыну, які б падтрымліваў у фінансавым і ў духоўным становішчы. Хацелася бы, канечне, наведваць тэатры, кінатэатры, цырк, канечне б, хадзіць па парку, прагуляцца, паразмаўляць, павесяліцца.

Я думаю, залежыць шмат чаго ад нашага кіраўніцтва, напрыклад, ад нашага прэзыдэнта. Таксама ад нас, канечне, ад нашых людзей, якія побач знаходзяцца. Каб яны былі добрымі, шчырымі адно да аднаго.

Каб падтрымлівалі ня толькі грашыма. Грошы гэта само сабой, але ж гэта ня ўсё, грошы ня ўсё робяць у нашым жыцьці. Нейкі павінны быць давер, гэта самае галоўнае каб было, павага.

Я б параіла маладым слухачам Свабоды, калі хочаце лепшага жыцьця, то трэба прыкладаць сілы. Вучыцца, не губляць той надзеі, аб якой марыць кожны чалавек у пачатку свайго жыцьця. Лепш другі раз не схадзіць на гулянку, а ўзяць які-небудзь падручнік і прачытаць, рыхтавацца, вучыцца. Усё ж такі адукацыя адыгрывае роль у нашым жыцьці. Калі б у мяне вышэйшая была адукацыя, то, можа быць, жыцьцё маё склалася па іншаму”.