Аліна Бельская (24 гады), жыве ў Гэльсінках. Яна – сябра Задзіночаньня беларускай моладзі замежжа, актыўная удзельніца сустрэчаў беларускай моладзі Заходняй Эўропы ў Гайдэльбэргу і Мюнхэне. Цяпер вывучае ва ўнівэрсытэце палітычную гісторыю.
(Бельская: )"Я прыехала ў Фінляндыю ў 1997 годзе, як палітычная па справе Лабковіча і Шыдлоўскага. Вучуся ў Гэльсінскім Унівэрсытэце на факультэце сацыяльных навукаў і пляную скончыць унівэрсытэт сёлета.
У Фінляндыі мне падабаецца шчырасьць фінаў, амаль поўная адсутнасьць карупцыі і тое, што калі чалавек чагосьці жадае дасягнуць у сваім жыцьці, то гэта залежыць ад яго, а не ад чыноўнікаў.
Таксама мне падабаецца тое, што тут да мужчынаў і жанчынаў ставяцца аднолькава, што жанчынам даюць шансы зрабіць пасьпяховую кар'еру. Фінскія мужчыны трохі пабойваюцца замежных жанчын. Але, у сям'і яны дзеляць пяцьдзесят на пяцьдзесят усе хатнія справы, мне гэта вельмі падабаецца.
Фінскія мужчыны – гэта сапраўдныя вікінгі. У іх для мяне занадта спакойны і занадта павольны тэмпэрамэнт. Мне асабіста больш падабаюцца швэды, нарвэжцы і датчане.
У Фінляндыі заўсёды былі моцныя жанчыны, якія прызвычаіліся кіраваць. Мы жартуем, што ў Фінляндыі цяпер жаночая моц таму, што прэзыдэнт Фінляндыі – жанчына, мэр Гэльсынкаў – жанчына, і некаторы час прэм'ер-міністрам таксама была жанчына.
Я бы хацела працягнуць сваю адукацыю, абараніць доктарскую дысэртацыю.
Пасьля пабачым, калі сытуацыя ў Беларусі зьменіцца, я хацела бы вярнуцца на Бацькаўшчыну і актыўна ўдзельнічаць у палітычным жыцьці, падзяліцца сваім досьведам дэмакратыі, тым, чаму я навучылася ў Фінляндыі і ў іншых краінах. Я ўпэўненая, што сытуацыя ў Беларусі зьменіцца і будуць патрэбныя маладыя, адукаваныя людзі, і я б хацела паўдзельнічаць у рэформах, у зьменах у Беларусі. Я лічу гэта вельмі важным для сябе, можа нейкі маленькі свой уклад зрабіць у гісторыю Беларусі”.