Сьвятлана Сугака, 20 гадоў. Скончыла Менскі паліграфічны каледж. Працуе тэхнічным рэдактарам у новым часопісе для беларускіх фэрмераў “Сейбіт”. Сьпявае ў гурце “Тарпач”, сама піша тэксты для песен. Гурт з такім незвычайным і цікавым назовам “Тарпач” браў удзел у апошнім фэстывалі “Басовішча”.
(Сьвятлана Сугака: ) «Тарпач – гэта ўвогуле такая гісторыя... Бабка выпалала ўвесь гарод, усё прыбрала. Пайшла кудысьці ў хату, потым прыходзіць, глядзіць – ляжыць нейкі корч на гародзе. Яна ўся такая на нэрвах, яна ж столькі працавала! Яна так: - “О! А гэты тарпач хто кінуў?” Тарпач – гэта такі адзінокі корч, які супраціў усіх правілаў ляжыць у гародзе. Вось гэта мы такія.
Мы робім беларускамоўны – нехта называе “гард-кор”, нехта “панк, панк-рок”. Робім тое, што нам падабаецца. І менавіта толькі на беларускай мове. Гэта прынцыпова. Сабраліся мы на прыканцы 2001 году, спачатку спрабавалі рабіць расейскамоўны рок, але зразумелі, што не хапае нечага. І вось знайшлі. Не так даўно былі на фэстывалі “Басовішча”, вельмі спадабалася нам там, але нас журы крыху недаацаніла, скажам так. Нічога мы не занялі. Але ўсё будзе! Гэта толькі пачатак, мы так думаем. Мы ўпэўненыя ў гэтым.
Тэксты пішу я і наш гітарыст Дзіма Астапук. Робім усё разам. Сьпяваем пра жыцьцё, пра ўладу, пра каханьне (куды ж без яго?). Робім аптымістычныя песьні. Але не заўсёды гэта атрымліваецца. Чаму? Таму што пра ўладу песьні, пра жыцьцё, таму і не атрымліваецца... Аптымістаў з нас не атрымліваецца.
Арыентуемся мы на моладзь, якой падабаецца беларуская музыка, і якая хоча штосьці зьмяніць у нашай краіне. Выступалі ў клюбах “NC”, “Сафары”. Але туды цяпер прыходзіць такая моладзь, ня столькі паслухаць, колькі, як кажуць на слэнгу, “пакаўбасіцца”. Не зусім прыемна, калі ты робіш музыку, ты хочаш, каб людзі яе зразумелі, а ім ўсё адно, што ты граеш, на якой мове. Было б прыемна, каб людзі слухалі. Слухалі не так вось, што нешта граюць, і няхай сабе граюць. А каб услухоўваліся ў тэксты, слухалі дынаміку, структуру песен. Для нас гэта немалаважна.
Я лічу, што беларуская музыка вельмі добра разьвітая, гледзячы па Басовішчу таму ж. Палякі выступілі горш за беларусаў. Спрабуем усе разам рабіць добрую музыку, але не заўсёды ўсё адразу атрымоўваецца.
На ўсе 100% кажу, што я – аптымістка, перакананая, што ўсё будзе добра. Веру. Жыцьцём сваім я задаволеная, бо лічу, што кожны чалавек сам выбірае сабе жыцьцё, павінен рабіць так, як ён бачыць гэтае жыцьцё, прыкладаць усе намаганьні, што мы і робім цяпер.
Канечне, хацелася б зьмяніць у жыцьці краіны вельмі шмат... Хацелася б, каб усе людзі сталі лепшымі, каб было больш дабрыні, каб людзі кахалі адзін аднаго, каб былі дабразычлівымі, каб усё было добра, каб радаваліся кожнаму дню. А галоўнае, я лічу, верыць, што ўсё будзе. Тады яно абавязкова так і будзе.»