Антось Мядзьвецкі


Антосю Мядзьвецкаму -- 25 гадоў. Ён выхаванец дзіцячага дому і цяпер працуе электрыкам у Полацкіх электрасетках. Антось палкі аматар беларускай паэзіі; ягоная ўлюбёная паэтка -- Ларыса Геніюш. Вось ужо пяць гадоў Антось Мядзьвецкі паўсюль і заўсёды размаўляе толькі па-беларуску.

(Мядзьвецкі: ) «На сёньня я задаволены сваім жыцьцём, бо ведаю -- да чаго імкнуся. А што тычыцца навакольнага жыцьця, дык я не задаволены палітычнай сытуацыяй, сацыяльнай і культурніцкай сытуацыяй.

Хацеў бы зьмяніць профіль сваёй працы. Сёньняшняя праца не захапляе мяне цалкам: мая душа прагне працаваць на ніве культуры і выхаваньня асобы.

Сёньняшняе становішча ў краіне патрабуе кардынальных зьменаў. А што да асобы, дык варта імкнуцца да яе дасканаленьня. Прычым, мяняць жыцьцё трэба ў бок хрысьціянскай маралі. Калі мы гэтага не ўсьвядомім, дагэтуль у нас будзе бязладзьдзе ў жыцьці. Я ўласным прыкладам, размаўляючы па-беларуску штодзённа, спрабую зьмяніць стаўленьне людзей, зь якімі працую, да Беларушчыны.

Галоўнае пытаньне жыцьця, якое патрабуе адказу не ад чаго памрэш? -- а дзеля чаго нарадзіўся? Бог даў чалавеку свабоду і трэба захаваць гэты Боскі дар. Чаго я і жадаю сваім аднагодкам. Яшчэ хачу пажадаць хуткіх зьменаў да лепшага як у жыцьці кожнага, так і ўсёй краіны.

Ну і апошняе, самае істотнае пажаданьне. Як той казаў, паўсюдна і заўсёды, з панамі, падпанкамі і простым людам, размаўляць па-беларуску».