Надзея Сярэдзіч


(Надзея Сярэдзіч: ) “Я вучуся ў Акадэміі мастацтваў, спэцыяльнасьць – дызайн касьцюма й тканіны. Я не зьбіраюся адчыняць свайго Дома мод. У касьцёле шмат сьвятароў, сясьцёр, патрабуюцца літургічныя шаты. Я адчыню майстэрню, якая будзе гэта шыць. Я ўжо працавала, і мела ўжо вучняў сваіх. А потым давялося ўсё гэта пакінуць і перабрацца ў Менск. Менск – вялікі горад, тут шалёны тэмп жыцьця. І калі прыяжджаеш з правінцыі, цяжка да яго прывыкнуць. Першакурсьнікам не даюць жыльля, яго трэба шукаць самому, і не заўсёды знаходзіш тое, што хацелася б. Сілы я чэрпаю тады, калі еду дадому і заходжу ў свой касьцёл. Гэта маё, яно мяне заўжды чакае. Такая цішыня… Храм – гэта сапраўдны дом.

Я хачу зьезьдзіць у Рым, Ізраіль і на возера Ісык-Куль, дзе палова вады салёная, а палова – прэсная. Я стану на мяжы салонасьці і прэсьні, адну руку апушчу ў соль, а другую – у прэсную ваду. (Сьмяецца). У Ватыкан я хачу зьезьдзіць, каб спаткацца з Папам. Я атрымала б аўдыенцыю й вельмі буду прасіць яго адведаць Беларусь. Гэта вельмі важна. Вось каб ён пагаварыў са мною па-беларуску! А ў Ізраілі я мару пабачыць Сьцяну Плачу й дакрануцца да яе рукамі.

Я б хацела жыць у лесе, гарады – яны такія пустыя, у іх страчваеш, але нічога не набываеш. Вельмі мала дзейнай моладзі, грошы, машына, кватэра, прыгожыя дзяўчаткі, піва, наркотыкі, а працаваць ніхто ня хоча. У мяне ёсьць сёстры, якія атрымалі невысокую адукацыю – тэхнікум, ужо маюць дзяцей, цалкам залежаць ад сваіх бацькоў. Бо атрымаць кватэру і жыць асобна – пра гэта можна толькі марыць гадоў 15. Калі муж працуе – гэта ўдача. Але што ён можа зарабіць у 23-25 год? 200 тысяч? Трэба спачатку атрымаць адукацыю, дамагчыся фінансавай незалежнасьці, а потым ужо думаць пра шлюб…

Вось наша жыцьцё – яно чорнае і белае. Чорны квадрат Малевіча. Кантраст. І я гэта чорнае памяншаю, памяншаю, каб квадрат стаў кропачкай і ўрэшце зьнік”.