Юля Данільчык


Я вучылася ў Гарадзенскім унівэрсытэце па спэцыяльнасьці “псіхалёгія”. Скончыла ўнівэрсытэт і зараз пайду на працу выкладчыкам псыхалёгіі ў ПТВ.

Мне заўсёды падабалася назіраць за людзьмі, аналізаваць іх паводзіны, дапамагаць дзе парадаю, а можа проста падтрымкай эмацыянальнай. Мне ўжо даводзілася дапамагаць, былі такія выпадкі. Некага я выслухала, некаму распавяла пра тое, якія могуць быць варыянты ў жыцьці. Калі нейкая сытуацыя вельмі напружаная, чалавек часам бачыць толькі адзін варыянт выйсьця, але варыянтаў можа быць больш, і былі такія выпадкі, што я проста расказвала пра тыя варыянты, якія чалавек ня бачыць. У асноўным гэта была эмацыйная падтрымка. бо ў такіх напружаных сытуацыях чалавеку патрэбна эмацыйная падтрымка, патрэбна, каб яго нехта выслухаў.

З аднаго боку, мне дапамагаюць тыя веды, якія я атрымала ва ўнівэрсытэце, але ёсьць і такі момант, як інтуіцыя, можа нават жыцьцёвы вопыт, можа нейкі ўнутраны голас, які падказвае, што гэтаму чалавеку лепш сказаць, як лепш зь ім гаварыць, у якім тоне.

Я так мяркую, што псыхалягічная дапамога патрэбная кожнаму. Чалавек – гэта не машына, якая можа пераключацца.

У сучаснасьці псыхалягічная праблема ў моладзі, я так мяркую, гэта можа нейкае абяднелае эмацыйна-духоўнае жыцьцё. У моладзі зараз у асноўным арыентыры матэрыяльныя, многія арыентаваныя на фізіялягічныя патрэбы, і не хапае пачуцьцёвага, эмацыйнага такога натхненьня. Дапаможа чытаньне літаратуры, зварот да жывапісу, музыкі, да гэтай вось духоўнасьці.

Хацелася б працягваць, разгортваць сваю дзейнасьць у сваёй спэцыяльнасьці. Выкладчык псыхалёгіі, вядома, не апошняя кропка, не апошняя ступенька ў маім жыцьці. Я думаю, што калі я буду рыхтавацца, трэба яшчэ шмат вучыцца, і калі-небудзь можа я дарасту да такога ўзроўня, што змагу кансультаваць людзей і можа адкрыю сваю ўласную практыку.