Ягор Шумскі


Ягор Шумскі, 19 гадоў, студэнт другога курсу Беларускага тэхналягічнага ўнівэрсытэту. Леташні выпускнік Нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа. Захапляецца рознай музыкай – ад электороннай, кампутарнай да “Старога Ольсы”. Любіць чытаць тэхнічную літаратуру. З мастацкіх твораў Ягору больш падабаюцца тыя, у якіх ёсьць народны калярыт - нядаўна адкрыў для сябе Яна Баршчэўскага, з захапленьнем чытае“Шляхціча Завальню”. Ягор вучыцца на факультэце выдавецкай справы і паліграфіі. Паралельна працуе, займаецца графічным дызайнам, вёрсткай, макетаваньнем

(Ягор Шумскі: ) “Мне падабаецца працаваць з кампутарамі і бачыць вынікі сваёй працы. Таму што кампутар – гэта нейкая віртуальная праца, а друк – гэта перавод працы зь віртуальнай прасторы ў рэальную.

Я з аптымізмам паглядаю на сваю будучыню. Лічу, што так ня можа прадаўжацца, такая “сагласная” дэмакратыя – яна не бесьсмяротная. Усё зьменіцца ў нашай краіне да лепшага. Менавіта тады краіна адчуе патрэбу і ў сродках масавай інфармацыі шматлікіх, і ў рэкляме, і ў друкаванай прадукцыі, таму што гэта неабходнасьць. Ня ўсё тое, што ёсьць на кампутары, лёгка ўспрымаецца. Значна лепш успрымаюцца традыцыйныя сродкі масавай інфармацыі, яны больш даступныя. Асабліва, калі браць ва ўвагу, што ў нас шмат людзей жыве ў сельскай мясцовасьці, і неразьвітую інфраструктуру сельскай мясцовасьці, дзе людзі і кампутараў у вочы ня бачылі. Трэба на гэтых людзей не забывацца. Іх шмат у нашай краіне, больш за 30% жыве ў сельскай мясцовасьці, гэта вялікая колькасьць людзей. Нельга іх так проста кідаць, бо яна таксама ўплывае на ўнутрыпалітычнае жыцьцё нашай краіны.

Я б хацеў, каб людзі паўсюль паважалі адзін аднога, і ў першую чаргу, саміх сябе. Няма павагі да сябе – гэта значыць, рабіце са мной, што хочаце... Няма павагі да іншага – гэта буду рабіць зь іншымі што захачу. Я лічу, шмат з таго, што адбываецца ў нашым жыцьці, адбываецца менавіта праз гэтыя цяжкасьці непаразуменьня. Проста павагу да сябе чамусьці не выхоўваюць у нашых людзях. Чамусьці выхоўваюць патрыятызм, любоў да Айчыны, а вось пра павагу элемэнтарную забываюцца. Таму былая беларуская талерантнасьць перайшла, перарасла ў нейкую татальную непавагу да сябе і да іншых.

Я б хацеў, каб беларускіх людзей турбаваў не надзённы быт, каб гэта для іх было ўжо вырашанае пытаньне, каб яны прыходзілі дамоў і ня думалі, што зьесьці, чым набіць сваю лядоўню... А каб яны займаліся нейкімі больш узвышанымі пытаньнямі, ідэйнымі пытаньнямі, стваралі нешта новае...

У прынцыпе, стараюся быць задаволеным сваім жыцьцём. Не заўжды атрымоўваецца, аднак захоўваю аптымізм і імкнуся ва ўсіх сваіх сябрах і знаёмых захоўваць гэты аптымізм”.