Андрусь Кавалёў


Андрусь Кавалёў працуе настаўнікам біялёгіі ў вёсцы Буйнічы Магілёўскага раёну. Сваю грамадзкую дзейнасьць пачынаў з Маладога фронту, а зараз Андрусь кіруе Магілёўскай моладзевай грамадзкай арганізацыяй “Новая зямля”, якая займаецца найперш грамадзкай адукацыяй, спрыяе ўтварэньню і разьвіцьцю моладзевага руху ў рэгіёне. Андрусь любіць пісьменьніка Ўладзімера Караткевіча і найлепшыя ўзоры рокавай музыкі 70-х гадоў, на якіх быў выхаваны. Яго любімым заняткам у адпачынак ёсьць рыбалка, аднак малады чалавек прызнаўся, што не вудзіў рыбу ўжо гады тры з-за вялікай занятасьці.

(Кавалёў: ) “Я думаю, што немагчыма быць задаволеным канчаткова сваім жыцьцём, бо калі будзе задавальненьне цалкам, тады няма да чаго імкнуцца. Таму задавальненьня поўнага няма, але сёе-тое ў мяне ў жыцьці было. Я 5 гадоў прапрацаваў у школе, там дасягнуў нейкіх посьпехаў. Нібыта дзеці на мяне не плююцца, з клясы не выганяюць. Нібыта і веды нейкія ёсьць, іспыты здаюць дзеткі, паступаюць. Мабыць, не дарма працуем, дзяржава грошы ўсе ж такі плоціць – адпрацоўваем неяк. Сын ёсьць – тры гады. Хіба што таксама можа вырасьці не зусім дрэнным чалавекам – будзем выхоўваць. І думаю, я знайшоў сваю нішу ў грамадзкім жыцьці. Таксама ёсьць нейкія посьпехі, ёсьць арганізацыя, ёсьць перакананьні і ёсьць пляны – гэта ёсьць “плюсы”.

Я для сябе ўжо вызначыў накірунак. Я, можа, выкажу крамольныя думкі, што на ўвесь наш народ мы, на жаль, “не накінем” ні бел-чырвона-белы сьцяг, ні Пагоню. І таму я б імкнуўся, каб проста ў мяне была мая Пагоня і мой сьцяг. Можна сказаць на прыкладзе школы, што там большасьць людзей далёкая ад нейкіх ідэяў – нацыянальных, патрыятычных. Але яны цалкам разумеюць, хто я такі і ставяцца да маіх думак нармалёва. Вось, я думаю, ідэал – калі мы будзем жыць у гэтым асяродку, бесканфліктна з астатнімі. І мала бесканфліктна, калі мы будзем лепшымі і нейкім чынам далучаць астатніх у сваё кола. Калі мы нармальныя, калі мы сярод суседзяў нармальныя, калі сем’і ў нас нармальныя, то і ідэі нашыя будуць таксама нармальныя. І нас будуць паважаць за гэтыя ідэі. Вось толькі тады мы пабудуем тое грамадзтва, да якога імкнемся.

Верыць і хацець – вось гэта галоўнае. Таму што я прыйшоў у Фронт як бы не "безь нічога”. Я прыйшоў зь перакананьнямі і дужа вялікім жаданьнем нечага дасягнуць. Калі зараз прыходзяць маладыя людзі і кажуць: “Вы нечага дасягнулі, скажыце – як?”, то я адказваю: “Трэба гэтага хацець”. А ўсё астатняе, калі ты хочаш, ты знойдзеш – грошы, магчымасьці, сувязі, сілы. Таму жаданьне найперш”.