Вадзім Макей. Паводле адукацыі – юрыст. Жыве ў Пінску. Працуе юрысконсулам, а таксама выкладчыкам юрыдычных дысцыплін у тэхнікуме. З шасьці гадоў захапляецца радыётэхнікай. Любіць кнігі па філязофіі і сур’ёзныя навуковыя працы. Кіраўнік моладзевай ініцыятыўнай групы для стварэньня агульнабеларускага грамадзянскага руху “Партнэрства”.
(Макей: ) “На Палесьсі заўсёды народ быў актыўны, і многа выбітных людзей выйшла з нашых мясьцінаў. А моладзь заўсёды цікавіцца і сваімі сіламі спрабуе зьмяніць сытуацыю ў краіне, і асабліва ў нашым рэгіёне.
Што трэба зьмяняць? У асноўным, гэта мэнталітэт самой нацыі, самога народу, і мэнталітэт самой моладзі. Напрыклад, праблема моладзі ў тым, што яна заўсёды ўсяго баіцца (і гэта ня толькі моладзь, але і ўсё астатняе насельніцтва нашай краіны). Яно баіцца перамен, баіцца зьменаў. Яно іх хоча, але перакладае на іншыя плечы, каб нехта іншы зрабіў гэта.
А што зрабіць – гэта, на першы пэрыяд, як я бачу, што можа рабіць апазыцыя – гэта адукацыя насельніцтва. Толькі праз адукацыю. Трэба даваць моладзі, насельніцтву больш абшырныя веды, таму што яны замыкаюцца ва ўласным коле... Рознабаковая адукацыя павінна быць па ўсіх накірунках дзейнасьці: палітычная, эканамічная. Напрыклад, у ідэале трэба, каб усё насельніцтва Беларусі мела вышэйшую адукацыю. Тады б былі вельмі вялікія перамены. Раз гэта ня можа быць, то трэці сэктар павінен даваць, замяшчаць навучэньне, адукацыю...
Сваім жыцьцём я задаволены, але сядзець на месцы... Тыя людзі, якія працуюць у трэцім сэктары, ня могуць сядзець на адным месцы і заўсёды незадаволеныя тым, што адбываецца навокал. Таму асабістым жыцьцём я задаволены, але ж сытуацыяй ў краіне – то не, канечне...”