Надзея Паўлоўская зь Менску. Вывучае гісторыю ў БДУ. Яе захапленьне – вандроўкі па гістарычных мясьцінах Беларусі.
(Паўлоўская: ) “Я дабілася ў свае гады таго, чаго я хацела. Я вучуся ў вышэйшай навучальнай установе, на вячэрняй форме. Гэта добра. Але я для гэтага шмат чаго рабіла. Я лічу так, што калі хто хоча жыць добра, ён будзе жыць. Трэба толькі нешта рабіць.
Я вучуся дадаткова яшчэ на некаторых курсах, іншую спэцыяльнасьць хачу атрымаць, вучу ангельскую і польскую мову, таму што я лічу, што на сёньняшні час гэта патрэбна. І стараюся недзе грошы зарабіць.
Я лічу, што я жыву няблага. Зьменаў хочацца. Хочацца, каб больш магчымасьцяў было. Заробак больш быў у бацькоў. Баюся, што станем правінцыяй, што ня будзе ў нас самастойнасьці і незалежнасьці.
Калі будзе ў нас усё добра, то я буду займацца сваёй адукацыяй, буду займацца навукай, дасьледаваньнямі гістарычнымі – я гісторык – калі за гэта будуць добра плаціць, каб можна было нармальна жыць.
Я хачу пажадаць, каб не гублялі надзеі, любілі сваю краіну і працавалі, і жылі і радаваліся”.