Кіявіцкая Тацяна, студэнтка 4 курса філялягічнага факультэту БДУ. Захапляецца паэзіяй Максіма Багдановіча, Уладзімера Караткевіча, Пятра Макаля. Вельмі любіць сучасную беларускую музыку.
(Кіявіцкая: ) “Я лічу, што шчасьлівая, напэўна, я ў гэтай краіне. Але ня толькі таму, што я жыву ў Беларусі, а з-за тых людзей, якія мяне акаляюць, і лічу, што галоўнае ў гэтым жыцьці – сяброўства, каханьне, сям’я.
Я лічу, што, напэўна, у гэтай краіне цяжка знайсьці сабе дастойную працу, але ёсьць альтэрнатыва ўсё ж такі зьехаць. Прынамсі, у мяне ёсьць сястра, якая вучыцца ў асьпірантуры ў Італіі, але гэта рэдкія выпадкі. Мне б хацелася застацца на Беларусі і працаваць на яе карысьць, дзеля сваёй краіны, дзеля грамадзянаў гэтай краіны, дзеля сваіх сяброў, якія жывуць у гэтай краіне, і дзеля самой сябе, бо я таксама нарадзілася і жыву ў гэтай краіне.
Мне здаецца, што тут ёсьць пэрспэктывы ў розных сфэрах. І культура, спорт, літаратура, музыка. Прынамсі, мне здаецца, што вельмі вялікія пэрспэктывы цяпер у беларускай музыкі, нараджаюцца цікавыя беларускія праекты, прычым, гэта ня столькі папулярная музыка, колькі пераасэнсаваньне народнага стварэньня праектаў, з улікам культуры эўрапейскай, амэрыканскай. Прынамсі, беларуская музыка дакладна жыве. І можна прывесьці прыклад - праект “Я нарадзіўся тут”, праект на словы Ўладзімера Караткевіча, які павінен хутка выйсьці, “Народны альбом”. І беларускія музыкі дакладна падымаюць беларускую культуру. Хацелася б, каб такое было і ў іншых сфэрах, прынамсі, і ў літаратуры, спорце, выяўленчым мастацтве і іншых”.