Яўген Малікаў – ураджэнец Гомеля, мае 25 гадоў. Працуе выкладчыкам гісторыі ў адной з гарадзкіх школаў. Акрамя таго ўзначальвае Раду моладзевай краязнаўчай арганізацыі “Талака”. Займаецца дасьледчыцкай працай, марыць выдаць сваю кнігу па краязнаўству Гомельшчыны. Кажа, што на сёньня больш задаволены вынікам працы ў грамадзкім сэктары, чым школьным настаўніцтвам.
(Малікаў: ) “У сёньняшнім жыцьці я больш задаволены грамадзкай дзейнасьцю й часткова працай у школе. Чаму? Таму што склалася так, што большую частку майго часу забірае дзейнасьць у грамадзкай арганізацыі, і я бачу вынік гэтай працы. Але зь іншага боку – вельмі шмат можна зрабіць таксама й працуючы з вучнямі. І цяпер вельмі шмат школьнікаў прыходзяць да мяне ў арганізацыю, і я бачу вынік ужо ў тым, што гэтыя дзеці, якіх я вучыў як настаўнік, цяпер працуюць са мной як партнэры.
У новым пакаленьні я не расчараваны, бо гэтыя дзеці шмат цікавяцца ўсім, у тым ліку й гісторыяй краю. Зь сёньняшняга жыцьця й свайго, і ў сваім горадзе, і ў Беларусі мяне ў першую чаргу незадавальняе й “дабівае” адсутнасьць пэрспэктывы ў Беларусі для большасьці людзей. На жаль, я бачу, што цяперашняя сыстэма ўлады ў краіне вельмі косная, чыноўнікі ня здольныя ўспрымаць новыя ідэі й, адпаведна, Беларусь з-за гэтага шмат што губляе. Вельмі шмат маіх знаёмых зьехалі за мяжу. Я лічу, што гэта асноўная праблема, што ў сучасных умовах той моладзі, якая крыху ўмее думаць больш альтэрнатыўна, няма чаго рабіць у сёньняшняй Беларусі, і таму яны зьяжджаюць. Канечне, іх нельга судзіць, іх трэба толькі падтрымаць. Хацелася бы, каб яны пажылі ў сьвеце, пабачылі, перанялі нейкія эўрапейскія й сусьветныя стандарты, прывязьлі іх і зрабілі, каб у нас у Беларусі, у нас у Гомелі жыцьцё было такім, якім яны бачылі яго ў сьвеце й нават яшчэ лепш.
А што мне падабаецца? Што знаходзяцца людзі, якія ўсё ж такі бачаць сябе ў Беларусі, у сваіх гарадах, спрабуюць неяк зьмяніць сытуацыю, спрабуюць знайсьці сабе месца. Што яны бачаць праблемы й стараюцца іх вырашыць, а таксама не паддаюцца на жыцьцёвыя правакацыі, якія часта здараюцца.
Мараў вельмі шмат, але асноўная – хацелася бы, каб проста добра жыць у нармалёвай, цывілізаванай, разьвітой краіне Беларусі й, канечне ж, асабістага шчасьця – сям'і й гэтак далей. А маладым людзям я пажадаў бы знайсьці сябе, знайсьці сваю жыцьцёвую формулу, пры якой яны могуць максымальна й сябе зрэалізаваць, і змогуць максымальную карысьць прынесьці сваёй радзіме”.