Васіль Мацкевіч


Кіраўнік Пінскай філіі ТБМ, сябра праваабарончага цэнтру "Вясна". Чытае толькі газэты, бо на мастацкую літаратуру бракуе часу. Слухае U2 i NRM.

(Мацкевіч: ) “Маё жыцьцё мяне збольшага задавальняе, бо жыцьцё даволі насычанае, я займаюся цікавай дзейнасьцю. І такія дробныя непрыемнасьці – прыкладам, з жонкай пасваруся, ці сын мой захварэў – я даволі добра пераадольваю. Я кірую Таварыствам беларускай мовы ў Пінску. Ладзім розныя мерапрыемствы, накіраваныя на пашырэньне ўжытку беларускай мовы. Гледзячы на тое, якая моладзь прыходзіць да нас і якая потым зыходзіць, у іх адбываюцца нейкія зьмены. Мы рыхтуем сапраўдных грамадзянаў Рэспублікі Беларусь.

У жыцьці я баюся згубіць сваіх родных ці блізкіх – вось гэта тое самае, чаго я баюся больш за ўсё, бо гэта для мяне даражэйшае за астатняе. Таксама мне бы было вельмі непрыемна, каб нашая Беларусь страціла сваю незалежнасьць.

У вырашэньні ўласных паўсядзённых праблемаў ад мяне залежыць амаль што ўсё, а калі казаць пра дзейнасьць арганізацыі, ад уладаў у дадзены момант залежыць вельмі шмат. Бо яны могуць нешта забараніць. Ад уладаў залежыць прыкладна 80%, бо мы легальная арганізацыя й стараемся працаваць легальна. А калі ўсё гэта рабіць у падпольлі, тады адсоткаў на дзевяноста ўсё залежыць ад нас.

Трэба быць шчырым у сваіх памкненьнях, аналізаваць посьпехі й няўдачы, і тады можна будзе дасягнуць сваіх мэтаў. Трэба проста быць такім пасьпяховым чалавекам і верыць у Бога.

Памылак пазьбегнуць. Няма такога чалавека, які б не зрабіў памылак у сваім жыцьці ці ў працы. Таму – памылкі гэта карысная рэч, бо на памылках вучацца.

Маё жыцьцёвае крэда – гэта справядлівасьць. Так, я разумею, што гэта – нешта амаль недасягальнае, папросту нейкі ідэал. Калі б людзі ставіліся адзін да аднаго па справядлівасьці, жыцьцё было б лепшае і былі б больш шчырыя адносіны паміж людзьмі.

Шчасьце – наагул нейкая філязофская дэфініцыя, таму шчасьлівым можна быць паўсюль. На сходзе ёсьць такія філязофскія вучэньні, што ўсё залежыць ад жаданьня. Калі чалавек зашмат жадае, ён ня можа гэтага дасягнуць і ён становіцца нешчасьлівым. А калі ў чалавека мінімальныя патрабаваньні, шчасьця можна дасягнуць больш проста. Але паколькі людзі ў бальшыні сваёй – максімалісты, шчасьлівымі яны бываюць вельмі рэдка.

Мне вельмі падабаецца U2, таксама мне падабаецца NRM зь беларускіх. І вось гэтыя такія фальклёрныя “замарочкі”, як “Троіца”. “Троіца” – наагул вельмі цікавая каманда. Вось гэты Іван Кірчук – такі цікавы дзядзька. Такая аўтэнтычная музыка кранае за душу. Ня ведаю чаму. Такое само сабою атрымліваецца”.