Юры Ярашук


Юры Ярашук нарадзіўся ў Менску. Цяпер мае 19 гадоў і вучыцца на юрыста ў Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнту Рэспублікі Буларусь. Любіць аўтамабілі й хоча мець уласную кампанію па продажы легкавікоў. Марыць пра свой дом і трывалую сям'ю. Сёньня маналёг Юрыя Ярашука пра цяперашняе жыцьцё й шляхі дасягненьня мараў.

(Ярашук: ) “Жыцьцём у Беларусі ня вельмі задаволены, бо калі паглядзець на суседнія дзяржавы – тую ж Польшчу альбо Літву, то яшчэ больш адчувальна, як разьвіваюцца працэсы дэградацыі ў нашай краіне. Узровень жыцьця ўсё ніжэйшы і ніжэйшы. Я студэнт і хачу папрацаваць дзе-небудзь, каб мець свае нейкія грошы, але ня маю магчымасьці. Падабаецца, што ёсьць такія людзі, каму не абыякава, што ў нашай краіне адбываецца. І такіх людзей з кожным днём становіцца ўсё болей і болей і сярод моладзі, і сярод пэнсіянэраў. Я хачу зрабіць нешта такое, каб жыцьцё ў нашай краіне стала лепшым. У першую чаргу, я хачу закончыць акадэмію, і вучуся я для таго, каб удасканаліць нашае заканадаўства, якое лічу недасканалым. Хацелася бы таксама займацца бізнэсам, адкрыць сваю справу. Не выключаю, што гэта будзе продаж аўтамабіляў, бо мяне гэта вельмі цікавіць. Канечне ж, знайсьці дзяўчыну, якую я пакахаю й якая будзе мяне кахаць. Хацеў бы паезьдзіць па сьвеце, пабываць на розных кантынэнтах і жыць у свабоднай, дэмакратычнай краіне, дзе на самым версе быў бы чалавек, якога даўно чакае Беларусь. Маладым людзям я хацеў бы пажадаць больш цікавіцца тым, што сёньня адбываецца, бо нам жыць, працаваць, ствараць сям'ю ў гэтай краіне. І ад маладых вельмі шмат залежыць, што будзе далей”.