Аляксандар Пагуляеў


Аляксандар Пагуляеў працуе выкладчыкам гісторыі Беларусі ў Гарадзенскім каледжы. Зьяўляецца намесьнікам старшыні Гарадзенскай абласной арганізацыі АГП. Як сам кажа, мае шырокія літаратурныя прыхільнасьці, але ў музыцы ёсьць кансэрватарам. Слухае клясыку.

(Пагуляеў: ) “Маё жыцьцё мяне на сто адсоткаў не задавальняе, бо ў нашай краіне няма ўпэўненасьці ў будучыні, няма ўпэўненасьці нават у сваіх сілах. Сытуацыя склалася такім чынам. Людзі, якія маюць думку хоць крыху розную ад думкі афіцыйнай, маюць значна меней шанцаў, каб прабіцца ў гэтым жыцьці, то бок заняць пэўныя пасады й рэалізаваць сябе. Я хацеў паспрабаваць сябе ў прадстаўнічых органах улады. Але, на жаль, мая спроба пайсьці ў гарадзкі савет была прыпыненая з палітычных меркаваньняў.

Я зьяўляюся выкладчыкам гісторыі ў каледжы. Першым чынам я хацеў бы зьмяніць у сваіх жыцьці – гэта працу. Яна не дае ні маральнага, ні матэрыяльнага задавальненьня. Прыходзіцца дзесьці ячшэ зарабляць грошы на нармалёвае жыцьцё, акрамя сваёй асноўнай працы. Гэта таксама дадае цяжкасьцяў, бо вельмі стамляе й не дае выконваць на сто адсоткаў сваю асноўную працу добра.

Рэцэпт дасягненьня посьпехаў ляжыць у сфэры характару кожнага чалавека. Перша за ўсё ён павінен быць мэтанакіраваным, вельмі энэргічным, і, самае галоўнае, упэўненым у сабе. Калі людзі аб’яднаюцца й захочуць нешта зьмяніць, я мяркую, што ўсё атрымаецца. Для таго, каб пазьбегнуць памылак, трэба адмовіцца ад той абыякавасьці, якая пануе ў нашым грамадзтве.

Як чалавеку, які займаецца палітычнай дзейнасьцю, мне вельмі блізкія такія асобы як Шарль дэ Голь, як Уінстан Шэрчыль. Калі казаць пра Беларусь, то адным з тых дзеячоў, на якога трэба раўняцца, на мой погляд, зьяўляецца Кастусь Каліноўскі. На сёньняшні час вельмі цяжка знайсьці чалавека, які змагаецца за ідэю, а не за матэрыяльныя моманты, якія могуць палепшыць ягонае жыцьцё.

Я думаю, што нават у сёньняшняй Беларусі можна жыць шчасьліва. Таму што ёсьць такія рэчы, як каханьне й дзеці. Свае дзеці, маецца на ўвазе. І таму гэта ўжо падстава для чалавечага шчасьця.

Мае літаратурныя прыхільнасьці вельмі шырокія. Мяне вельмі прываблівалі такія кнігі як “Паходжаньні Швейка”, “Дванаццаць крэслаў”. Зараз я чытаю больш сур’ёзную літаратуру. Вельмі цікавіць Карлас Кастанэда. Можна, чытаючы Кастанэду, сысьці ад рэальнасьці, але й успрыняць некаторыя рэчы як кіраўніцтва да дзеяньняў.

Наконт музыкі я кансэрватыўным зьяўляюся чалавекам. Мне падабаецца клясычная музыка й апошнім часам вельмі падабаюцца беларускія сьпевы. Ад клясычнай музыкі я бяру перш за ўсё настрой. Калі ёсьць жаданьне свой настрой палепшыць у гэтым дапамаге Моцарт. Калі варта задумацца пра сур’ёзныя рэчы, гэтаму дапамагае Вагнэр. А фольк-сьпевы мне самыя блізкія, паколькі я зьяўляюся беларусам. І я адчуваю, што ў пэўным сэнсе – гэта частка мяне.

Я маю сваё жыцьцёвае крэда. Яно гучыць наступным чынам: усё, што ні робіцца, робіцца да лепшага”.