Яніна Мішчанка


Яніна Мішчанка, 23 гады, нарадзілася і жыве ў Маскве, вучыцца на 4 курсе Маскоўскага лінгвістычнага інстытуту, вывучае ангельскую, французскую і нямецкую мовы. Удзельнічае ў працы беларускай суполкі ў Маскве.

(Мішчанка: ) “Маці ў мяне юрыстка, бацька – эканаміст, а я перакладчыкам буду. Падабаецца розныя мовы вучыць. Буду намагацца знайсьці добрую працу, каб цікава было. Я б хацела яшчэ сынхронным перакладчыкам працаваць.

Я вучылася год у Беларусі ў юрыдычным інстытуце, неяк спачатку думала за мамаю пайсьці, але нешта не спадабалася мне юрыдычная справа, і я ізноў у Маскву прыехала.

Калі вучылася гэты год у Менску, то зразумела, што Менск – гэта Радзіма, і людзі лепшыя, і стаўленьне лепшае, прыемней і спакайней сябе адчуваеш.

Я сябе расейкаю не адчуваю, заўсёды ўсім кажу, што я беларуска. У студэнцкім асяродку добра ўспрымаюць. Аднойчы мы ехалі з сяброўкаю ў метро і сьпявалі беларускія песьні, проста так, настрой быў добры. Нейкія дзядзькі пачалі нам казаць, што вось давайце сьпявайце па-расейску. Мы пастараліся пазьбегнуць канфлікту, але сьпяваць працягвалі. Аднак, настрой нам крыху сапсавалі.

У нас некаторы час быў беларускі хор, але шмат людзей назад у Беларусь ад’ехалі, таму хор разваліўся. Мы спадзяемся зноў яго вярнуць, сьпяваем народныя песьні. У нас тут ёсьць цудоўная жанчына Алеся Бабарэка, дачка Адама Бабарэкі. Яна ведае вельмі шмат народных песьняў. Мы дамоў да яе хадзілі і з ёю сьпявалі, яна нас навучала. У асноўным моладзь туды прыходзіла.

Тыя, хто прыходзіць да нас у суполку, чалавек 30 пэўна, моладзь, студэнты, усе, хто па-беларуску размаўляе. Даволі часта сустракаемся, на дыскатэкі ходзім, ці да нас любяць прыходзіць, у нас дома сядзім, па-беларуску размаўляем, п’ем гарбату, сьпяваем таксама па-беларуску. Кажуць, кавярня адчынілася беларуская ў Маскве, зьбіраемся ўсе разам туды пайсьці.

Люблю падарожнічаць вельмі, хадзіла з сяброўкаю ў вандроўку па Беларусі некалькі гадоў таму, пешкі ці “аўтастопам”. У гэтым годзе ў Карэлію езьдзіла.

Зараз што мне больш за ўсё падабаецца – гэта ангельская літаратура 19 стагодзьдзя. Я даволі шмат усяго чытала. Мова вельмі падабаецца, погляды на жыцьцё.

Што мне не падабаецца? Не падабаецца тое, што людзі ўсе са стадным інстынктам, у людзей няма ўласных думак амаль, узровень культуры вельмі нізкі, апранаюцца ўсе аднолькава.

Як выглядае беларуская моладзь? Напэўна, трэба больш удзельнічаць у палітычным жыцьці краіны, быць такімі, каб не было гэтай абыякавасьці да жыцьця і млявасьці. Каб больш усё ж цікавіліся беларускай моваю, не саромеліся беларускай мовы, па-расейску стараюцца размаўляць лепш за расейцаў”.