Жэня Драгун


Жэня Драгун, вядомы ў беларускіх альтэрнатыўных колах пад мянушкай Драга. 22 гады, студэнт Беларускага тэхналягічнага ўнівэрсытэту, спэцыялізацыя “выдавецкая справа”. Пасьлядоўны антыфашыст, ня раз цярпеў у сутычках са скінгэдамі, удзельнічае ў экалягічным руху і ангтыглябалісцкіх ініцыятывах. Ня хоча, каб да яго прымянялі нейкае канкрэтнае азначэньне.

(Драгун: ) “Ні якім чынам гэта мяне не характаразуе цалкам, ня тое, што мяне больш за ўсё цікавіць. Мне цікава неяк сябе рэалізаваць як асобу. Часьцяком гэта значыць, што я ўваходжу ў розныя ініцыятывы: антыфашысцкія, экалягічныя, антыглябалісцкія. Таксама я займаюся пэўнымі мастацкімі рэчамі.

Я не падзяляю асабістае і палітычнае. Асабістае й палітычнае для мяне роўнае. Маё жыцьцё і палітыка вельмі перамешваюцца. Хачу, каб было так, каб маё жыцьцё было цэласнае. То бок, каб я адпавядаў сваім поглядам: тое, што я кажу заўсёды і паўсюль. Я не скажу, што я хачу быць інжынэрам ці яшчэ кімсьці. Я ня ведаю, кім я буду.

Цяпер у гэтай краіне такая сытуацыя, што даволі цяжка адчуваць сябе свабодным. Нас было калісьці трыццаць чалавек. Рабілі фэст, які зваўся “Зялёны шабаш”, ён быў спынены міліцыянтамі разам з футбольнымі хуліганамі. На гэты фэст прыйшло пяцьсот чалавек. Даволі значна для Беларусі, для абсалютна незалежнага канцэрту. Экалягічны фэст, які сабраў паўтысячы чалавек, гэта вельмі шмат.

Я хачу самарэалізавацца, але я яшчэ намацваю шляхі. Я проста хачу спакойна жыць. Тут, нават у гэтай краіне. Я не хачу кудысьці зьяжджаць, хаця я магу зьехаць. Гэта даволі проста зрабіць. Жыць там у нейкім сквоце ў якім-небудзь Гамбургу і адчуваць сябе даволі добра. Але я хачу жыць тут, і зрабіць тут такую атмасфэру вакол сябе, каб я адчуваў сябе добра. Я хачу быць сабой, вось і ўсё”.