Кастрыцкая Ліля


Кастрыцкая Ліля, 17 гадоў. Жыве ў вёсцы Энэргія Пухавіцкага раёну. Вучыцца ў 11 клясе Жораўскай сярэдняй школы Пухавіцкага раёну. Вельмі любіць матэматыку. Сьпявае і танчыць. Лічыць, што школьная падрыхтоўка на вёсцы саступае ўзроўню адукацыі вучняў у гарадох — таму ўлады мусяць паклапаціца, каб беларускія дзеці ў сталіцы і ў глухой вёсцы мелі аднолькавыя магчымасьці ў адукацыі.

(Кастрыцкая: ) “Я хочу стаць гандляркай, а ў будучым — таваразнаўцам. Таму што я вельмі захапляюся матэматыкай, для мяне гэта вельмі цікавы прадмет. Таму я лічу, што калі стану гандляркай, то і далейшы жыцьцёвы шлях у мяне добра складзецца.

Я раней хацела пайсьці вучыцца на бугальтэра ці эканаміста, але ў гэтую сфэру цяжка патрапіць, паступіць, асабліва дзецям калгасьнікаў ці саўгасьнікаў. А вось калі пайсьці спачатку на гандляра, то можна затым паспрабаваць і іншую, больш прэстыжную прафэсію атрымаць.

Вось мне, напрыклад, трэба было напісаць рэфэрат па культуры, па літаратуры, то мне няма тут такой магчымасьці. Трэба ехаць у Менск, каб купіць кнігі. А тым, хто жыве ў калгасе, гэта зрабіць немагчыма — няма сродкаў. Калі нават узяць нашу Жораўскую школу, то каб добра ведаць той ці іншы прадмет, патрэбная добрая бібліятэка. Каб атрымаць тое, што неабходна для яго далейшага жыцьця. А ў нашай Жораўскай школьнай бібліятэцы кніг няма. Няма такіх кніг і ў калгаснай бібліятэцы.

Калі вось узяць пытаньне паступленьня ў тую ці іншую навучальную ўстанову, то менскаму вучню, вядома ж, паступіць лягчэй, бо ў яго ёсьць літаратура. А вясковаму чалавеку гэта цяжка зрабіць. Напрыклад, калі б я цяпер паступала, дык я ня бачыла ніякай праграмы. А ў менскай школе дык гэта вучылі, разьбіралі, напрыклад, па той жа матэматыцы. Мне незразумела тое ці іншае раўнаньне, а менскія школьнікі яго могуць спакойна рашыць. Таму нельга параўноўваць.

У Менску вельмі шмат бібліятэк. І калі маеш менскую прапіску, то можаш схадзіць у бібліятэку, узяць любую кнігу і падрыхтавацца, напісаць рэфэрат. Вясковаму ж чалавеку паехаць у Менск немагчыма. Таму я лічу, што магчымасьці вясковага і гарадзкога чалавека вельмі розьняцца. Калі, напрыклад, вясковец добры спартовец, то хто дасьць яму аўтобус, каб зьезьдзіць у Мар’іну Горку і паказаць там свае вынікі?!

Што бы я параіла? Дапамагчы вясковым школам, каб навучацца тут можна было так, як і ў горадзе. Трэба зьвярнуць на гэта вялікую ўвагу. Для таго, каб ня розьніліся вясковыя і гарадзкія вучні. Каб не было, што раз ён гарадзкі вучань, то ён усё можа лепш за вясковага, а раз вясковы вучань — то гэта дрэнна”.